У Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі адкрылася выстава “Лірыка кімано”.
Кімано на ўсе выпадкі жыцця – ад урачыстага і святочнага да паўсядзённага, сучасныя і старадаўнія – з калекцыі магіляўчанкі Настассі Кавалёвай прадстаўлены ў экспазіцыі. Традыцыйнае адзенне – адзін з сімвалаў Краіны ўзыходзячага сонца, упершыню з’явілася ў перыяд Хэян, прыкладна ў VIII стагоддзі. З цягам часу кімано стала неад’емнай часткай японскай культуры. Сёння гэта не проста адзенне, а сапраўдныя творы мастацтва. У сучаснай Японіі актыўна вывучаюць гісторыю кімано, убор вяртае сваю папулярнасць.
На выставе прадстаўлены 16 кімано рознага прызначэння. “Для самых урачыстых выпадкаў выкарыстоўваліся куротамэсодэ, кімано з чорным верхам і багата вышываным падолам, – расказалі ў музеі. – На спіне і рукавах размяшчаліся фамільныя гербы, што падкрэслівала статус гаспадыні. На менш афіцыйныя прыёмы апраналі іротамэсодэ – убор пастэльных тонаў з яркім нізам, яго таксама аздаблялі гербамі родаў. Ірамудзі – святочнае кімано для дзяўчат, як і фурысодэ – вышыванае яркімі вялікімі кветкамі, што служыла знакам для юнакоў у пошуку нявесты”.
Акрамя кімано ў экспазіцыі можна ўбачыць парчовыя паясы обі, японскія дамскія плашчы, абутак, сумачкі, вееры і нават посуд.
Выстава прадоўжыцца да 27 красавіка.