Выстава студэнцкіх творчых работ “У колеры падарожжа – уражанні і ўяўленні” адкрылася ў галерэі “Універсітэт культуры”.
“Вельмі рада, што ў гэтым годзе мы адкрываем выставу, якая аб’яднае замежных студэнтаў, якія вучацца ў вышэйшых навучальных установах Беларусі, і беларускіх студэнтаў. Праз культуру сапраўды надыходзіць узаемаразуменне. І з дапамогай такіх калабарацый мы можам праводзіць дыялог міру і стварэння сярод нашай моладзі. Гэта вельмі здорава. Зусім нядаўна, 30 лістапада, прайшла цудоўная гала-праграма замежных студэнтаў, якія прадстаўлялі сваю творчасць на сцэне, а сёння мы становімся сведкамі свята візуальнай творчасці. Тут перададзены ўяўленні, пачуцці і перажыванні беларускіх і замежных студэнтаў. Усе яны з’яўляюцца патрыётамі сваіх краін, а таксама патрыётамі Беларусі, у якой вучацца. Тут мы сапраўды адчуваем: нас аб’ядноўвае агульная планета і задачы па захаванні міру і ўзаемаразумення для таго, каб усім людзям на гэтай планеце жылося добра і цікава”, – сказала дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка.
Яна выказала вялікую ўдзячнасць усім удзельнікам, а таксама вышэйшым навучальным установам Мінска і Універсітэту культуры, які прадаставіў пляцоўку для прадстаўлення экспазіцыі і прыняў удзел у выставе. “Работы студэнтаў БДУКМ аб’ядноўваюць работы вучняў іншых устаноў, паказваючы адзіны сэнс выставы. Тут цудоўна прадстаўлена дружба нашых краін. І здорава, што ёсць столькі студэнтаў, захопленых творчасцю”, – адзначыла Надзея Васільчанка.
“У наступным годзе экспазіцыя прадоўжыць сваё шэсце па выставачных пляцоўках нашай краіны і студэнты з розных вышэйшых навучальных устаноў змогуць азнаёміцца з творчасцю іншых студэнтаў”, – падкрэсліла Надзея Васільчанка.
Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў падалі на выставу 10 кітайскіх і 10 беларускіх работ з керамікі і дрэва. Некаторыя работы ствараліся спецыяльна да выставы, а некаторыя выбраны з ужо існуючых.
“Мой керамічны выраб называецца “Каменны ручай”. Мяне вельмі ўразілі работы іншых удзельнікаў і я рада, што ў нас ёсць такая магчымасць пазнаёміцца з творчасцю адзін аднаго”, – заўважыла адна з удзельніц выставы, кітайская студэнтка БДУКМ Лі Цзяй.