У мінскім гандлёвым цэнтры “Сталіца” адкрылася фотавыстава “Імгненні фестывалю”, прысвечаная “Славянскаму базару ў Віцебску”.
“Наш фестываль дорыць пазітыў, а фатаграфіі, якія мы сёння сюды прывезлі, – гэта маленькая частка тых эмоцый, якімі мы хочам падзяліцца з усімі беларускімі гледачамі”, – расказаў дырэктар “Славянскага базару” Глеб Лапіцкі.
Фатаграфіі праекта размешчаны на ўнікальнай металічнай канструкцыі, якая імітуе сцэнічную арку галоўнай сцэны “Славянскага базару” – Летняга амфітэатра. Дарэчы, у бягучым годзе легендарнай пляцоўцы спаўняецца 35 гадоў.
“Такі выставачны праект мы робім упершыню, і ўжо 30 чэрвеня пакажам яго ў Маскве на ВДНГ”, – дадаў Глеб Лапіцкі.
Ён таксама адзначыў, што праграма фестывалю ў гэтым годзе будзе вельмі разнастайнай. “Нас чакаюць дзевяць вялікіх гала-канцэртаў у Летнім амфітэатры, два праекты, звязаныя з нацыянальнай культурай, канцэрт групы “Аўра”, сольнае аддзяленне заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай у час першага конкурснага дня, тэатральная, філарманічная і лялечная праграмы, а таксама вулічныя праекты. Дастаткова проста прыехаць у Віцебск, і вас абавязкова ахопіць святочная атмасфера”, – заўважыў Глеб Лапіцкі.
Паводле яго слоў, гэтымі днямі закончыўся продаж білетаў на цырымонію адкрыцця фестывалю, але кожны глядач усё роўна зможа знайсці нешта для сябе ў шырокай праграме.
“Да фестывалю мы адкрыем абноўленую канцэртную залу “Віцебск”. Цяпер у нас праходзяць мадэрнізацыйныя работы, звязаныя з аркай Летняга амфітэатра. Таксама дзіцячы конкурс упершыню будзе гучаць у суправаджэнні жывога эстрадна-сімфанічнага аркестра”, – расказаў Глеб Лапіцкі.
Урачыстае адкрыццё фотавыставы “Імгненні фестывалю” прайшло ў выглядзе інтэрактыўнага канцэрта, на якім выступілі Ірына Дарафеева, арт-група “Беларусы”, лаўрэат Гран-пры “Славянскага базару” Ангеліна Ламака і іншыя зоркі беларускай эстрады.
Выстава прабудзе ў гандлёвым цэнтры “Сталіца” да 23 чэрвеня.