Нацыянальны мастацкі музей Беларусі пачаў юбілейны год выставай афіш і фатаграфій, якая адкрылася 24 студзеня ў сценах музея.
Выстава “Мастацкаму – 85. Афішы і фатаграфіі” ўключае больш за 30 афіш і 35 фатаграфій з архіва музея і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якія адлюстроўваюць самыя знакавыя старонкі музейнай гісторыі, пачынаючы з 1939 года і заканчваючы падзеямі 2023 года. Выбраны найбольш рарытэтныя афішы, якія, з аднаго боку, паказваюць развіццё музейнай справы, з іншага боку – развіццё дызайну ў Беларусі.
Дзякуючы гэтай выставе афіша перастала быць проста інфармацыйным лістком, яна стала экспанатам, які можа шмат што расказаць пра музей. На жаль, даваенных афіш не захавалася. Самыя раннія ў экспазіцыі (1945 і 1946 гадоў) змяшчаюць поўны пералік мастакоў – удзельнікаў выстаў, што не характэрна для афіш больш позняга перыяду.
З пасляваеннага перыяду на выставе прадстаўлены найбольш “гаворачыя” экзэмпляры, якія ілюструюць шырокую геаграфію выставачнай дзейнасці музея (ад Аўстраліі і Эфіопіі да ЗША і Японіі). Яны сведчаць аб супрацоўніцтве з вядучымі музеямі свету: Дзяржаўным Эрмітажам, Дзяржаўным музеем выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна, Смітсанаўскім інстытутам, Пражскай нацыянальнай галерэяй, Дрэздэнскай галерэяй, Музеем Вікторыі і Альберта і інш.). Экспанаты выкананы ў розных тэхніках: акварэль, літаграфія, афорт, шаўкаграфія, афсетны друк.
У экспазіцыі дэманструюцца ўнікальныя кадры з адкрыцця галерэі ў 1939 годзе з удзелам першага дырэктара Мікалая Міхалапа (1939-1941).
Як адзначыла ў каментарыі журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава, музей будзе святкаваць сваё 85-годдзе на працягу ўсяго года. Мерапрыемства, якое адкрывае юбілейны год, акунае наведвальнікаў у гісторыю музея, далучае да духу гісторыі і станаўлення гэтай найвялікшай жамчужыны Беларусі.
“Музей – гэта стоўп усведамлення народа, гэта апора. Музейную справу ні ў якім выпадку нельга ўспрымаць праз вузкія функцыі захавання, адраджэння, атрыбуцыі, што, безумоўна, з’яўляецца важным для станаўлення культурна-гістарычнай спадчыны нашай радзімы. Але самае галоўнае і каштоўнае ў місіі музея і ў музейнай справе – выхоўваць народ, выхоўваць нацыю, яе пачуцці, заклікаць да самага лепшага, светлага”, – упэўнена Ганна Конанава.
Выстава прадоўжыцца да 24 сакавіка 2024 года.