Падарожжа па свеце беларускіх лялек. Што прадставяць на выставе “Традыцыі і сучаснасць: лялькі” ў Мінску

Вярнуцца да навін
5 сакавік

Выставу “Традыцыі і сучаснасць: лялькі”, прымеркаваную да Дня жанчын, прадставяць 5 сакавіка ў Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.

“Выстава – частка праекта “Традыцыі і сучаснасць”, у якім мы паказваем розныя віды традыцыйнай беларускай культуры. Цяпер мы вырашылі паглядзець, што ж адбываецца ў Мінскай вобласці з лялькай. Выстава прымеркавана да Дня жанчын і складаецца з двух умоўных раздзелаў. У раздзеле “Традыцыі” будуць паказаны традыцыйныя лялькі, лялькі-матанкі, абярэгавыя лялькі і лялькі ў беларускім народным адзенні, а ў раздзеле “Сучаснасць” пакажуць, якія лялькі робяць цяпер і з якіх матэрыялаў”, – расказала вядучы метадыст па выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве аддзела традыцыйнага мастацтва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Марыя Карпянкова.

Паводле яе слоў, самы стары экспанат прадставіў Вілейскі краязнаўчы музей. Гэта самаробная льняная лялька з вёскі Рабунь 1920-х гадоў. Самы сучасны экспанат – гіперрэалістычная лялька са шматслойнай размалёўкай, якая імітуе немаўля.

“Паміж гэтымі двума полюсамі мноства экспанатаў, зробленых майстрамі ў раённых цэнтрах культуры і творчасці Мінскай вобласці. І тэкстыльныя лялькі, і лялькі з саломкі, і гліняныя лялькі.  У асноўным гэта, вядома ж, тэкстыль, непасрэдна лён. Свае экспанаты прадставілі Барысаў, Вілейка, Дзяржынск, Салігорск, Клецк, Маладзечна, Мядзел, Старыя Дарогі, Слуцк. Таксама на выставе можна ўбачыць работы мінскага майстра, які вяжа міфалагічных персанажаў”, – адзначыла Марыя Карпянкова.

Яна дадала, што ў час работы выставы будуць адкрыты сталы, за якімі прыйшоўшыя бацькі змогуць самі пазаймацца рукадзеллем з дзецьмі. На адным стале знойдуцца ўсе матэрыялы для стварэння папяровай лялькі. Можна будзе размаляваць загатоўкі, паглядзець, з якіх элементаў складалася традыцыйнае адзенне, і па слаях прыгожа апрануць ляльку. На другой лакацыі для стварэння лялек можна будзе атрымаць загатоўкі з лёну і розныя элементы дэкору.

Акрамя таго, 9 сакавіка пройдзе платны майстар-клас па стварэнні лялькі-матанкі, 12 сакавіка дэманстрацыйны бясплатны майстар-клас, дзе можна будзе ўбачыць, як ствараюць традыцыйную ляльку. А 15 сакавіка ў 12.00 адбудзецца платны майстар-клас ад Дзяржынскага майстра. Таксама пройдуць куратарскія экскурсіі. Першая адбудзецца ў дзень адкрыцця 5 сакавіка ў 18.00.

Экспазіцыя прадоўжыць работу да 30 сакавіка.

БЕЛТА