Памяць Янкі Купалы ўшануюць на Ваенных могілках у Мінску 28 чэрвеня

Вярнуцца да навін
26 Чэрвень

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы запрашае ўшанаваць памяць паэта на “Жальбінах”, паведамілі БЕЛТА ў музеі.

“У знак памяці народнага паэта, які служыў адраджэнню незалежнай Беларусі, запрашаем ускласці кветкі на яго магілу, паслухаць вершы-прысвячэнні Янку Купалу ад беларускіх паэтаў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі”, – сказалі ў літаратурным музеі.

Янка Купала памёр 28 чэрвеня 1942 года ў Маскве. “У музеі захоўваецца паведамленне аб тым, што ў гэты дзень у 22.30 “упаў у лесвічны пралёт і разбіўся насмерць народны паэт Беларусі Янка Купала”. Пахаванне прайшло 1 ліпеня 1942 года ў Маскве. У 1962 годзе прах паэта перапахавалі на Ваенных могілках у Мінску”, – расказалі ва ўстанове культуры.

“Сучаснікі Янкі Купалы, якім пашчасціла сябраваць з паэтам, захавалі аб ім самую светлую памяць. Для ўсіх наступных пакаленняў жыве слова песняра, поўнае любові да Айчыны і беларускага народа”, – падкрэслілі ў музеі.

“Жальбіны” пройдуць 28 чэрвеня на Ваенных могілках. Пачатак у 12.00.

БЕЛТА