Рэспубліканская выстава-конкурс дзіцячай творчасці “АрхНавацыя-2024” праходзіць у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці для дзяцей і моладзі пры падтрымцы Мінбудархітэктуры. У бягучым годзе пераможцамі ў творчым спаборніцтве сталі 69 дзяцей, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва.
У заключным этапе конкурсу прынялі ўдзел больш за 600 юных талентаў ва ўзросце ад чатырох да 20 гадоў з 250 устаноў адукацыі з розных куткоў краіны.
Тэматыка работ самая разнастайная. У намінацыі “Архітэктары і архітэктура Беларусі”, напрыклад, прадстаўлены дзіцячыя творы, што расказваюць пра беларускіх архітэктараў і іх знакамітыя збудаванні. У творчых работах пра храмавую архітэктуру Беларусі адлюстраваны страчаныя або існуючыя архітэктурныя помнікі Беларусі. Змест работ па тэме “Горадабудаўніцтва Беларусі ад Полацка да нашых дзён” раскрывае асаблівасці гарадской прасторы: рэгіянальных архітэктурных збудаванняў, сучасных гарадскіх будынкаў, сацыяльных збудаванняў.
Прадстаўлены таксама дзіцячыя работы па такіх тэмах, як “Ландшафтная архітэктура”, “Прамысловая архітэктура”, “Мемарыяльная архітэктура Беларусі” аб гісторыка-культурных і мемарыяльных комплексах, помніках, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, у нашай рэспубліцы. Нарэшце, у работах намінацыі “Архітэктурныя фантазіі” знайшлі ўвасабленне дзіцячыя ўяўленні аб тым, як у будучым будуць выглядаць жылыя дамы, адміністрацыйныя будынкі, тэатры, школы, цэнтры, паркі, стадыёны, гульнявыя пляцоўкі і інш.
Адкрыццё выставы, дзе будзе прэзентавана каля 300 дзіцячых творчых работ, пройдзе 25 кастрычніка ў выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.