Петрышэнка: мы павінны захоўваць наш культурны код, развіваць спрадвечныя традыцыі

Вярнуцца да навін
18 жнівень

Беларусы павінны захоўваць свой культурны код, развіваць спрадвечныя традыцыі. Акцэнт на гэтым зрабіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка на VIII Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, што праходзіць 17 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На адкрыцці творчага форуму намеснік прэм’ер-міністра зачытаў прывітанне Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі арганізатарам, удзельнікам і гасцям VIII Міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”.

У размове з журналістамі Ігар Петрышэнка звярнуў увагу, што кожны год з ранняй вясны да позняй восені ў рэспубліцы праходзяць фестывалі. “Іх больш за сотню ў нашай краіне”, – канкрэтызаваў ён. У ліку знакавых творчых форумаў намеснік прэм’ер-міністра назваў міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар”, рэспубліканскае свята “Купалле” (“Александрыя запрашае сяброў”), а таксама шэраг іншых фестываляў.

“Гэта лінія кіраўніка дзяржавы, што мы павінны наш культурны код захоўваць, развіваць нашы спрадвечныя традыцыі, якія сілкуюць”, – падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Паводле яго слоў, дзякуючы такім фестывалям, як “Кліч Палесся”, у кожнага ёсць магчымасць адчуць непаўторны каларыт знакамітай, аб’яднанай, дружнай паляшуцкай сям’і.


“Мы бачым, як захоўваюцца нашы славутыя рамёствы – кавальская справа, ткацтва, саломапляценне, бондарства і іншыя”, – дадаў Ігар Петрышэнка.

Звярнуў ён увагу і на тое, што з году ў год усё больш і больш моладзі прыязджае на фестываль “Кліч Палесся”.

Цікавасць маладых пакаленняў да традыцый, звычаяў пацвярджаюць і знакамітыя майстры, якія сёння актыўней пачалі працаваць. “У іх па 20, па 40 вучняў з’яўляецца. Гэта значыць яны свой талент майстра перадаюць маладому пакаленню, прывіваюць любоў менавіта да нашага, нацыянальнага”, – падкрэсліў намеснік прэм’ер-міністра.


“Па даручэнні Прэзідэнта мы прынялі на ўзроўні ўрада адпаведную канцэпцыю, якая вызначае развіццё нашай культурнай прасторы. Мы павінны захоўваць яе і ўсяляк прапагандаваць. Там (у канцэпцыі. – Заўвага БЕЛТА) шэраг напрамкаў, якія гавораць нам аб тым, што мы павінны сапраўды спрадвечную беларускую лінію, якая падсілкоўвае кожнага з нашых людзей, захоўваць, прымнажаць і перадаваць будучым пакаленням”, – рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.

Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” традыцыйна праходзіць раз у два гады ў маляўнічым аграгарадку Ляскавічы. Падзея нацэлена ў тым ліку на захаванне і папулярызацыю этнакультурных традыцый, вывучэнне і падтрымку багатай гісторыка-культурнай спадчыны рэгіёна, умацаванне творчых сувязей.-0-