Восем гісторый аб вайне. Гродзенскі тэатр лялек прадставіў прэм’еру да Дня Перамогі

Вярнуцца да навін
10 красавік

Прэм’еру спектакля падрыхтаваў да знакавага юбілею Гродзенскі абласны тэатр лялек, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўстанове культуры.

Пастаноўка рэжысёра Валерыя Карышава незвычайная: на працягу ўсяго спектакля свае ваенныя гісторыі расказваюць восем персанажаў – маладыя дзяўчаты і хлопцы, пажылыя мужчына і жанчына, падлеткі. Арыгінальнае рашэнне з выкарыстаннем элементаў тэатра ценяў трымае публіку ў напружанні аж да пачатку кожнага з апавяданняў, толькі пачуўшы галасы, гледачы разумеюць, хто перад імі. Пры гэтым у спектаклі “Цені перамогі” выкарыстоўваецца гукавы феномен АСМР: кожны шорах і ўздых чутны так, што выклікаюць мурашкі па скуры.

“Задума дае магчымасць падысці да ваеннай тэмы нетрадыцыйна, – расказаў Валерый Карышаў. – Не проста паказаць рэаліі вайны, а прапусціць іх праз сэрцы і душы гледачоў. Так, каб кожны прадоўжыў разважаць, усведамляць, пашыраючы сваё ўяўленне аб трагедыі і чалавечай мужнасці тых гадоў. Гэта тым больш важна, што нашы гледачы – дзеці і моладзь”.

У Гродне прайшоў перадпрэм’ерны паказ пастаноўкі, а прэм’ера адбылася 8 красавіка ў Астраўцы. Як адзначыў рэжысёр, у зале панавала поўная цішыня, дзеці шчыра суперажывалі героям. Сёння спектакль пакажуць школьнікам у Ашмянах, заўтра – у Бераставіцы. Тур па вобласці будзе прадаўжацца, а ў святочныя дні 80-годдзя Перамогі новую тэатральную работу прадставяць у Гродне.

БЕЛТА