У Мінску ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры 8 мая адкрываецца выстава “І яны змагаліся за Радзіму” аб дзейнасці творчых калектываў Беларусі ў гады вайны. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў музеі.
Паводле слоў супрацоўнікаў музея, творчасць у гады Вялікай Айчыннай вайны адыграла важную ролю ў мабілізацыі духоўных сіл народа. Тады перад майстрамі беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва стаяла задача паказаць, якая ж небяспека навісла над краінай, і ўмацаваць веру людзей у перамогу. “Патрыятычны дух народа ў час смяротнай небяспекі выклікаў творчы ўздым артыстаў беларускіх тэатраў. Некаторыя з іх працавалі ў эвакуацыі, многія – у створаных франтавых брыгадах”, – расказалі ў музеі.
Падрабязней даведацца аб дзейнасці творчых калектываў Беларусі ў гады вайны можна будзе на выставе. “У выставачнай зале прадстаўлены фотаздымкі, нотныя рукапісы ваеннага перыяду, дакументы аб дзейнасці канцэртных франтавых брыгад, эскізы дэкарацый і касцюмаў да пастановак Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы перыяду эвакуацыі”, – дадалі ва ўстанове.
Усе экспанаты, прадстаўленыя на выставе, – з фондаў Нацыянальнага гістарычнага музея. Яны раскажуць аб падзеях, перажываннях артыстаў, іх бачанні сітуацыі і ўкладзе творчых работнікаў у перамогу.