У выканаўчым камітэце СНД адкрылася кніжна-ілюстрацыйная выстава, прысвечаная 95-годдзю выдатнага пісьменніка, мысліцеля і гуманіста сучаснасці Чынгіза Айтматава. Яна арганізавана інфармацыйна-аналітычным дэпартаментам Выканаўчага камітэта СНД пры садзейнічанні пасольства Кыргызстана ў Беларусі і Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.
Акрамя кніжнай выставы, у фае Выканкама СНД арганізаваны фотаэкспазіцыя і мультымедыйная прэзентацыя. Фотаэкспазіцыя ўключае важныя дакументы, падпісаныя Чынгізам Айтматавым у час дыпламатычных місій.
Яшчэ пры жыцці пісьменнік стаў цытуемым класікам сусветнай літаратуры. Яго работы перакладзены на многія мовы свету і выдадзены шматмільённымі тыражамі. Яго творы, пранікнутыя нацыянальнымі міфамі і легендамі, дагэтуль выклікаюць вялікую цікавасць шырокага кола чытачоў. Рэалістычная проза пісьменніка прасякнута ідэямі гуманізму, вялікай любоўю да ўсяго жывога і ставіць актуальныя пытанні экалогіі планеты і душы чалавека.
У краінах Садружнасці ў гонар юбілею Чынгіза Айтматава традыцыйна праходзяць шматлікія мерапрыемствы – канферэнцыі, выставы, творчыя вечары, прысвечаныя літаратурнай спадчыне вялікага пісьменніка, мысліцеля і дыпламата.
У лістападзе 2012 года Саветам МПА СНД заснавана Міжнародная прэмія імя Чынгіза Айтматава, якая прысуджаецца за заслугі ў галіне культуры, асветы, уклад у развіццё гуманітарных навук, літаратуры і мастацтва. У 2018 годзе была прынята заява кіраўнікоў дзяржаў – удзельніц Садружнасці да 90-годдзя Чынгіза Айтматава.
У Мінску ў 2018 годзе адкрыўся парк імя пісьменніка, дзе пазней быў устаноўлены памятны знак Чынгізу Айтматаву. У сакавіку 2023 года ў гэтым самым парку беларускай сталіцы ў гонар юбілею пісьменніка пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі дзяржаў СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці заклалі кляновую алею.
Спадчына Чынгіза Айтматава – вялікі патэнцыял для збліжэння народаў нашых краін. Айтматаў унёс асаблівы ўклад у развіццё адносін паміж Кыргызстанам і краінамі СНД, шмат рабіў для ўмацавання дружбы паміж народамі і заклікаў да дыялогу цывілізацый. Ён быў сапраўдным інтэрнацыяналістам, які лічыў, што будучыня краін Садружнасці непарыўна звязана з іх далейшай інтэграцыяй.
Выстава выклікала вялікую цікавасць і пазітыўныя водгукі сярод прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, супрацоўнікаў Выканаўчага камітэта СНД і яго гасцей.