На тэрыторыі былога Спаса-Праабражэнскага манастыра ў музеі-запаведніку “Казанскі Крэмль” адкрылася выстава “Нясвіж – здабытак сусветнай культуры”, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве культуры са спасылкай на расійскі музей-запаведнік.
Выставачны праект праходзіць у рамках пагаднення аб супрацоўніцтве, якое музеі-запаведнікі заключылі ў верасні гэтага года.
Фотаздымкі лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Аляксеева і Алега Лукашэвіча “За духоўнае адраджэнне” (2005), знаёмяць з Нясвіжскім замкам XVI-XIX стагоддзяў, з яго багатай гісторыяй і ўнікальнымі музейнымі калекцыямі.
У раздзеле “Архітэктура замкавага комплексу” прадстаўлены здымкі палацава-паркавага ансамбля і замкавага комплексу, варот і вежаў. Раздзел “Хараство залаў” расказвае пра ўладальнікаў замка, мастакоў і майстроў. Раздзел “Рукатворная прырода Нясвіжа ўяўляе сабой расказ аб прыродным абрамленні беларускай жамчужыны. На фотаздымках паўстаюць пяць паркаў і тры штучныя азёры.
Фотапраект адкрывае серыю перакрыжаваных выставачных праектаў двух музеяў-запаведнікаў, дзвюх “крэпасцей культуры”, двух помнікаў гістарычнай спадчыны, унесеных у Спіс ЮНЕСКА – Казанскага Крамля і Нясвіжскага замка.
Выстава працуе штодзённа і кругласутачна.