Выстава “Масты дружбы. Беларусь – Расія”, прымеркаваная да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, адкрыецца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў 26 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
На выставе можна будзе ўбачыць работы Асацыяцыі мастакоў-пленэрыстаў Расійскай Федэрацыі – арганізацыі, створанай у 2020 годзе, у якой на сённяшні дзень ўжо амаль 500 мастакоў і фатографаў з Расіі і Беларусі. Яе асноўная мэта – развіццё пленэрнага руху, выхаванне экалагічных адносін да навакольнага асяроддзя, папулярызацыя ўнутранага турызму, захаванне культурнай спадчыны, а таксама стварэнне спрыяльнага асяроддзя для творчасці і ўзаемадзеяння мастакоў.
У ходзе праекта “Чалавек працы”, мэтай якога з’яўляецца адраджэнне цікавасці да тэмы працы ў мастацтве і прыцягненне ўвагі да людзей, якія працуюць на вытворчасці, мастакі наведалі ў Беларусі шэраг прадпрыемстваў. Сярод іх Мінскі гадзіннікавы завод “Луч”, Мінскі трактарны завод і Віцебскі дывановы завод. Акрамя таго, мастакі правялі пленэры ў Мінску, Віцебску, Паставах, Лынтупах і іншых гарадах Беларусі. Стварылі шэраг работ у былой сядзібе “Здраўнёва” і сядзібе Бішэўскіх у Лынтупах.
Адкрыццё пройдзе 26 сакавіка ў 17 гадзін. У экспазіцыі прадставяць каля 90 жывапісных і графічных работ мастакоў з Расіі і Беларусі. Выстава прадоўжыць работу па 27 красавіка.