Аб планах у выставачнай дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея расказала загадчыца аддзела беларускага мастацтва ХХ – пачатку XXI стагоддзя Нацыянальнага мастацкага музея Святлана Кот на прэс-канферэнцыі “Выставачны сезон – 2024. Новыя творчыя праекты беларускіх мастакоў”.
У дзень адкрыцця музейнага будынка, 5 лістапада, музей прадставіць праект, які называецца “Калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Страты ў гады Вялікай Айчыннай вайны і вяртанні”. “Гэты праект створаны, каб аб’яднаць творы, якія былі знойдзены пасля страт. І, вядома, мы гаворым не толькі аб прадметах, якія можам убачыць, але і аб тых, якія мы змаглі знайсці ў архіўных дакументах”, – дадала загадчыца.
“У гэтым годзе мы робім яркі акцэнт на нашай калекцыі і прадставім два праекты, якія будуць асвятляць сакральнае мастацтва. Адзін з іх ужо рыхтуецца і будзе адкрыты ў канцы студзеня. Гэта “Беларуская алтарная скульптура і разьба XVII-XVIII стагоддзяў”. А летам будзе праект у вялікіх залах ніжняй галерэі – “Сімвалы алегорый у мастацтве Беларусі XVII-XIX стагоддзяў”. Там будуць прадстаўлены беларускія абразы, скульптуры, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, літургічнае адзенне і жывапісныя творы. Для гэтых праектаў мы спецыяльна рыхтуем прадметы, якія праходзяць кансервацыю і рэстаўрацыю”, – падзялілася Святлана Кот.
Таксама, паводле яе слоў, Нацыянальны мастацкі музей плануе рэалізаваць праект, прысвечаны Віцебскай мастацкай школе, якую ў свой час узначальваў Юдэль Пэн, і Мінскай мастацкай школе на чале з Якавам Кругерам. Запланавана таксама некалькі выстаў мастакоў-юбіляраў гэтага года, сярод якіх Ілья Рэпін, Васіль Шаранговіч і Павел Масленікаў. Традыцыйна пройдзе выстава “Рака часу” работ беларускіх мастакоў-юбіляраў. “Гэта аўтары, якіх па розных прычынах мы не можам прадставіць персанальнай выставай. Гэты праект праходзіць у нас штогод, мы заўсёды яго рыхтуем летам, і гэты год не выключэнне”, – адзначыла Святлана Кот.
“Цяпер у нашых фондах больш за 30 тыс. прадметаў. Вядома, нам ёсць чым падзяліцца з гледачом і чым парадаваць яго. Думаю, гэты год будзе цікавы з пункту гледжання адкрыцця менавіта тых фондаў, якія ў нас ёсць”, – рэзюмавала Святлана Кот.