СТАРЫ ЗАМАК

Стары замак

 

Стары замак у Гродне з’яўляецца ўнікальным помнікам архітэктуры і археалогіі Рэспублікі Беларусь. Ужо ў XII стагоддзі горад быў цэнтрам княства, у XIV стагоддзі на Замкавай гары ўзводзіцца вялікакняская рэзідэнцыя, а пазней і каралеўскі палац.

Сёння на тэрыторыі Старога замка знаходзяцца палац (помнік архітэктуры Рэнесансу, пабудаваны для караля Стэфана Баторыя ў 1580-я гг.), рэшткі абарончых сцен канца XIV – XV стст., руіны Ніжняй царквы і рэшткі княскага церама – помнікаў Гродзенскай школы дойлідства XII ст., рэшткі Верхняй царквы XV ст.

Стары замак быў узведзены для караля Стэфана Баторыя на месцы старажытнага Верхняга замка часоў вялікага князя Вітаўта. Ад крапасных збудаванняў выкарысталі ніжнюю частку абарончых сцен і рэшткі вежаў. У замку  Стэфана Баторыя дамінаваў палац, вытрыманы ў рэнесансным стылі. На першым паверсе было дзесяць скляпеністых памяшканняў, дзе размяшчаліся арсенал, канцылярыя, скарбніца і іншыя службы. Другі паверх займалі каралеўскія пакоі – парадныя і жылыя, аб’яднаныя ў тыповую палацавую анфіладу. Унутранай сувязі паміж паверхамі не было, кожны з іх меў асобныя ўваходы. У цэнтры галоўнага фасада знаходзілася парадная лесвіца, якая вяла наверх, у каралеўскія пакоі. Уваходы на першы паверх былі сціплыя.

Фасады і франтоны палаца аздабляла двухколернае шэра-белае сграфіта ў выглядзе раслінна-геаметрычнага арнаменту з геральдычнымі матывамі. Выразны сілуэт палацу надавалі высокі двухсхільны дах і высокія коміны. Аб яго першапачатковым выглядзе можна меркаваць па гравюры, якую выканаў у 1600 годзе Т. Макоўскі.

Падчас руска-польскай вайны ў сярэдзіне XVII ст. палац быў значна пашкоджаны. Пасля перабудовы ён набыў барочны дэкор. Палац працягваў выконваць ролю каралеўскай рэзідэнцыі, а да таго ж стаў месцам правядзення генеральных сеймаў Рэчы Паспалітай, якія адбыліся тут у 1678, 1688 і 1699 гадах. Пасля разбурэнняў, нанесеных у часы Паўночнай вайны і пажару 1735 года, палац зноў перабудоўваецца. Саксонскі архітэктар Карл Фрыдрых Пёпельман праводзіць значную перапланіроўку: вонкавая лесвіца замяняецца на ўнутраную, знікае шчыпец, змяншаюцца вокны. Будынак атрымлівае чатырохсхільны дах. Тут размяшчалася частка світы караля і гаспадарчыя службы. Далейшае спрашчэнне архітэктуры палаца адбылося ў XIX і XX стагоддзях, калі з фасадаў канчаткова знік дэкор і быў надбудаваны дадатковы аб’ём над былой сталовай залай. На працягу больш чым 120 гадоў Стары замак належаў ваеннаму ведамству, а ў 1924 годзе быў перададзены музею.

У 2017 годзе распачалася маштабная рэстаўрацыя Старога замка. У рамках 1-й чаргі рэстаўрацыйных работ былі адноўлены замкавая капліца і купал  уязной вежы, сярэдняя вежа, галерэя, так званая “мерная ізба”, а таксама ўзведзены будынак пры сярэдняй вежы.

 

У 2021 годзе ў адноўленых памяшканнях была створана экспазіцыя. Яна распавядае пра асноўныя этапы забудовы Замкавай гары: дзядзінец XI–XII стст., гатычны замак вялікага князя Вітаўта, рэнесансны палац Стэфана Баторыя, перабудовы XVII–XIX стст.; знаёміць з заняткамі і рамёствамі гараджан у XI–XIII стст., расказвае пра напады крыжакоў і абарону замка ў XIII–XV стст., пра абранне Стэфана Баторыя каралём польскім і вялікім князем літоўскім і яго ролю ў гісторыі Гродна. У экспазіцыі прадстаўлены прылады працы і прадметы штодзённага жыцця, будаўнічыя матэрыялы, зброя і вайсковы рыштунак, якія былі знойдзены падчас археалагічных даследаванняў, што праводзіліся на Замкавай гары з 1930-х гадоў і працягваюцца ў нашы дні, а таксама крэслы XVIII ст. са Старога замка, рэканструкцыі гетманскага прапорчыка Стэфана Баторыя і гродзенскай гарадской гайдуцкай харугвы, куфар XVIII ст. і шмат іншых цікавых прадметаў.

Па галерэі можна трапіць у сувенірную краму, а таксама падняцца на аглядную пляцоўку, з якой адкрываюцца прыгожыя віды на Нёман і горад.