Выстава

Вярнуцца да падзей

Віртуальная часовая экспазіцыя «25 вёсен і вечнасць: жыццё і творчасць Максіма Багдановіча»

Место: Виртуальная выставка

Віртуальная экспазіцыя прысвечана жыццёваму шляху і багатай творчай спадчыне класіка беларускай літаратуры, выбітнага беларускага паэта, публіцыста, перакладчыка і літаратурнага крытыка Максіма Багдановіча.

Візуальны шэраг мультымедыйнай прэзентацыі сфарміраваны на аснове лічбавых копій музейных прадметаў, фотаздымкаў і дакументаў з фондаў літаратурнага аддзела УК “Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей”.

Прастора віртуальнай экспазіцыі паслядоўна раскрывае геаграфію жыцця песняра і падзелена на чатыры тэматычныя раздзелы.

  • -Раздзел “Вытокі” знаёміць з сям’ёй Багдановічаў, бацькамі Максіма Багдановіча – Адамам Ягоравічам і Марыяй Апанасаўнай, а таксама адкрывае старонкі дзяцінства будучага паэта ў Гродне і пераезд сям’і ў Ніжні Ноўгарад, пазней – у Яраслаўль.
  • -Раздзел “Творчасць” адлюстроўвае росквіт таленту паэта. Цэнтральнае месца тут займае гісторыя стварэння адзінага прыжыццёвага зборніка “Вянок” (1913 г.) і рукапіснага зборніка “Зеленя”, а таксама роля Ганны Какуевай у жыцці Максіма Багдановіча і стварэнні яго шэдэўраў інтымнай лірыкі. Раздзел таксама раскрывае Багдановіча як бліскучага публіцыста і перакладчыка сусветнай паэзіі.
  • -Раздзел “Апошнія месяцы. Мінск. Ялта” аднаўляе падзеі мінскага перыяду жыцця ў 1916 годзе, працу ў Камітэце дапамогі ахвярам вайны, сяброўства з Зоськай Верас і драматычны ад’езд на лячэнне ў Крым, дзе 25 мая 1917 года абарвалася жыццё 25-гадовага генія.
  • -Раздзел “Захаванне памяці” паказвае сучасную карту памяці пра класіка, знаёмячы з музеямі Максіма Багдановчіа ў Гродне, Мінску, Ракуцёўшчыне і Яраслаўлі.

Віртуальная экспазіцыя запрашае ў падарожжа па слядах жыцця і творчасці Максіма Багдановіча, пацвярджаючы ісціну: “Не згасне зорка яго слова над сінім морам Ялты…”.

Гэта гісторыя пра тое, як зямны шлях даўжынёй усяго ў чвэрць стагоддзя набыў вымярэнне вечнасці, а кожны радок паэта працягвае жыць па-за межамі часу.

Праект падрыхтаваны ў рамках супрацоўніцтва УК Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і МБУК Ялцінскі гісторыка-літаратурны музей.

Віртуальная экспазіцыя даступна на афіцыйным сайце музея: https://grodno-museum.by/present/bagdanowich/.