14 сакавіка ў Сенатарскай зале Новага замка адбылося адкрыццё выстаўкі “Жывапісанне” Віктара Дзмітрыевіча Шчарбакова (1934- 2023).
На выстаўцы прадстаўлены 59 твораў мастака, сярод якіх жывапісныя карціны і графічныя лісты, выкананыя ў разнастайных тэхніках і матэрыялах: алей, акварэль, тэмпера, літаграфія, манатыпія, сухая іголка.
Менавіта акварэль, дзякуючы асаблівасці яе матэрыяльных магчымасцяў, музычнай тонкасці, як ніводны іншы від выяўленчай тэхнікі, дазваляе з найбольшым поспехам праявіць моцныя бакі таленту Віктара Шчарбакова.
Віктар Шчарбакоў – лірык па складзе свайго характару. Яго мастацкія сімпатыі, ва ўмовах шырокага прамысловага наступу на прыроду, заўсёды на баку апошняй. Жывапісныя зялёныя прыгарады, гарадзенскія славутасці – улюбёны змест прац мастака. На іх мы пазнаем нашы вуліцы, знакавыя мясціны горада.
І хоць фігуры людзей тут часта схематычныя, працы ўнутрана напоўнены імклівым рытмам іх дзейнасці. І ўрбаністычны пейзаж зусім не знаходзіцца ў адрыве ад клопатаў ці здзяйсненняў чалавека. Наадварот, неназойліва нагадвае пра іх, выклікае ў гледача пачуццё радасці за створанае нашымі рукамі, смутак развітання з мінулым.