З 19 мая ў фае Новага замка пачынае працаваць часовая экспазіцыя, прысвечаная Дню славянскага пісьменства і культуры. У Рэспубліцы Беларусь гэты дзень адзначаецца з 1986 года. Дата яго святкавання – 24 мая, дзень памяці святых роўнаапостальных Мяфодзія і Кірыла.
Браты Кірыл і Мяфодзій стварылі першую славянскую азбуку (глаголіцу), пазней на яе аснове распрацавалі кірыліцу. Яны прысвяцілі сваё жыццё царкоўнаму служэнню, асвеце і перакладчыцкай працы. Дзейнасць Кірыла і Мяфодзія стварыла аснову для развіцця пісьменства, літаратуры і культуры ўсіх славянскіх народаў, у тым ліку і беларусаў.
У часовай экспазіцыі прадстаўлены выявы святых асветнікаў, Евангелле і Псалтыр, якія тысячу гадоў таму былі перакладзены братамі, кнігі, якія асвятляюць іх жыццё і справы. Дапаўняюць тэму выявы беларускіх святых Ефрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага як пераемнікаў асветніцкай справы Кірыла і Мяфодзія, якія заклалі падмурак беларускай кніжнасці, адукацыі і духоўнасці.




