Адкрыццё выстаўкі “Прыроджаны ганчар з Поразава” у Музеі гісторыі Гарадніцы

Вярнуцца да падзей
21 май

З 21 мая 2021 г. у Музеі гісторыі Гарадніцы дзейнічае выстаўка “Прыроджаны ганчар з Поразава”, створаная з этнаграфічных калекцый музея да 100-годдзя з дня нараджэння народнага майстра І. І. Шопіка (1921–1997).

Экспазіцыя выстаўкі дэманструе калекцыю чорнаглянцаваных ганчарных вырабаў Іосіфа Шопіка: кухонны посуд (гаршкі, патэльні-рынкі, макацёры, бабачнікі, друшлякі), сталовы посуд (місы, кубкі, чайнікі, маслёнкі, пітушкі, шклянкі), посуд для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (збаны, глякі, гарлачы, спарышы), гігіенічны посуд (рукамыйнікі), дэкаратыўную кераміку (букетнікі, вазоны), а таксама ганчарнае кола і сямейныя фотаздымкі майстра.