22 лістапада ў 16:00 у Сенатарскай зале Новага замка адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы сучаснага беларускага мастака Андрэя Пяткевіча “Іншы погляд”. У экспазіцыі будуць прадстаўлены творы, якія дэманструюць вынікі працы мастака за апошнія дваццаць гадоў.
Нарадзіўся Андрэй Пяткевіч у 1976 годзе ў горадзе Верхнядзвінску Віцебскай вобласці. У 1994 годзе скончыў Беларускі ліцэй мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, у 2000 годзе – Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальнага жывапісу. Мастак актыўна прымае ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выставах, пленэрах і сімпозіумах з 1995 года. З’яўляецца членам Беларускага саюза мастакоў з 2004 года, а з 2010 года – членам Бюро манументальнай секцыі.
У станковым жывапісе мастак стварае складаныя тэматычныя кампазіцыі, якія напоўнены іншасказальным сэнсам. У манументальна-дэкаратыўным мастацтве працуе ў тэхніцы вітража, мазаікі, сграфіта. Андрэй Пяткевіч выканаў мазаікі ў храме–капліцы Святых Царскіх Пакутнікаў у вёсцы Юзэфава Барысаўскага раёна, мазаіка ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры. З’яўляецца аўтарам роспісаў ў Палацы Незалежнасці: зала ўзнагароджанняў, зала пасяджэнняў, зала ўручэння вярыцельных грамат. У суаўтарстве выканаў сграфіта на вежы Старога замка ў горадзе Гродна. Творы Андрэя Пяткевіча знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Германіі, Польшчы, Кітая, Канады, Літвы.