20 красавіка ў Сенатарскай зале Новага замка адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), Першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі.
Мітрапаліт Філарэт (свецкае імя Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў г. Маскве. У 1957 годзе скончыў Маскоўскую духоўную семінарыю, а ў 1961 годзе ‑ Маскоўскую духоўную акадэмію. У 1978 годзе назначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім, з 12 кастрычніка ‑ Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989 годзе ‑ Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. З 1990 па 2013 год кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой. З 2004 па 2014 год з’яўляўся рэктарам Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірыла БДУ.
За 35-гадовы перыяд узначальвання Беларускага Экзархата мітрапалітам Філарэтам былі адноўлены гістарычныя і заснаваны новыя праваслаўныя епархіі. Адкрыты 24 жаночых і 10 мужчынскіх манастыроў. У некалькі разоў павялічылася колькасць праваслаўных прыходаў, пабудаваны сотні новых і адноўлены многія разбураныя храмы і царкоўныя пабудовы.
Знакавай падзеяй навейшага этапу царкоўнага жыцця ў Беларусі стала аднаўленне Крыжа прападобнай Ефрасінні Полацкай. Асвечаная ў 1997 годзе святыня стала сапраўдным сімвалам адраджэння беларускіх земляў. За гэтыя гады па благаслаўленні Экзарха адноўлена сярэбраная рака для мошчаў прападобнай Ефрасінні Полацкай, убачыла свет факсімільнае выданне рукапіснага Слуцкага Евангелля, помніка XVI стагоддзя. 12 студзеня 2021 года, на 86-м годзе жыцця, мітрапаліт Філарэт, Першы Патрыяршы Экзарх ўсяе Беларусі, памёр.
На выстаўцы прадстаўлены фатаздымкі, зробленыя асабістым фатографам Экзарха Ксеніяй Кнаус. Таксама экспануюцца творы мастакоў, іканапісцаў Беларусі, Расіі, Малдовы, якія былі створаны ў рамках VI Міжнароднага мастацкага пленэру «Святасць зямлі беларускай» (2021), прысвечанага памяці мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.
Экспазіцыю дапаўняюць працы лаўрэатаў Усебеларускага конкурсу дзіцячых малюнкаў на тэму гісторыі і сучаснасці праваслаўнай царквы ў Беларусі.
У межах дадзенага праекта прадстаўлены матэрыялы выставы «Блажэнная Валянціна, духоўная заступніца зямлі беларускай».