АДСВЯТКАВАЛІ

Вярнуцца да падзей
23 май

20 мая 2023 г. у Гродзенскім дзяржаўным гісторыка-археалагічным музеі адбылося мерапрыемства «Ноч у музеі. Меламанія».

З прывітальным словам да гасцей мерапрыемства звярнуўся дырэктар музея Юрый Віктаравіч Кітурка. Распачалася праграма з канцэрта, на якім госці змаглі атрымаць асалоду ад выступлення ансамбля скрыпачоў «Кварта», ігры на класічнай гітары ў выкананні Максіма Ляўковіча, вакальных выступленняў Паліны Самайловіч і Яны Кучаравай, а таксама Анастасіі Оксцін і Аліны Дайнека.

Незабыўныя эмоцыі падаравалі гледачам дэфіле тэатра моды «Совершенство» Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. І сапраўды, «грацыя, вытанчанасць, зваблівая жаноцкасць, што можа быць больш прыцягальным ?»

У Новым замку госці змаглі праявіць сябе ў квэсце «Калі пачынаўся тэатр», пагуляць у настольныя гульні з «Hobby Games», навучыцца рабіць упрыгажэнні з бісеру і скуры, пазнаёміцца з выстаўкай «Гродна тэатральны».

Адчуць сябе акторамі і даведацца пра тое, як уладкавана жыццё лялек, можна было на майстар-класе па кіраванні лялькамі разам з Наталляй Івановай («Заслужаны калектыў “Гродзенскі абласны тэатр лялек”»).

У Старым замку наведвальнікі прынялі ўдзел у квэсце «Таямніцы Старога замка», ахвотнікі інтэлектуальных гульняў паспрабавалі свае здольнасці ў квіз-гульні «Пачынаем з антычнасці, а далей – як пойдзе…».

Экспазіцыі Старога і Новага замкаў працавалі на працягу ўсяго мерапрыемства.

Кульмінацыяй мерапрыемства стала выступленне кавер-бэнда «Hit Hunter».

Выказваем шчырыя словы падзякі ўсім нашым удзельнікам і гасцям!