Да Дня беларускага пісьменства

Вярнуцца да падзей
2 Верасень
Выстаўка «Зноў ухваляю родную зямлю…»
Дзень беларускага пісьменства ў нашай краіне адзначаецца штогод у першую
нядзелю верасня.
4–5 верасня 2021 года ў г.Капыль Мінскай вобласці адбудзецца XХVIII Дзень
беларускага пісьменства.
З нагоды гэтага свята ў нашым музеі падрыхтавана выстаўка «Зноў ухваляю
родную зямлю…».
Паэтычны вобраз Радзімы сатканы не толькі з апісання маляўнічых краявідаў, але і
з усведамлення гісторыі і традыцый роднай зямлі, асэнсавання сябе ў дыялозе з выбітнымі
асобамі, з дзіцячых успамінаў, асабістых эмоцый і перажыванняў, адбітак якіх нясуць
знаёмыя рэчы і мясціны.
Кожны пісьменнік адчувае творчую неабходнасць паказаць усяму свету
прыгажосць роднай вёскі або горада, раскрыць духоўнае хараство людзей, якія тут
жывуць, апісаць родны куток зямлі ў кантэксце лёсу цэлай краіны.
Пра свет і пра сябе, пра свой радавод распавядае Я.Брыль у кнігах «Блакітны зніч»
(2004) і «Парастак» (2006). З аповеду аб родных Біскупцах Д.Бічэль пачынае кнігу
ўспамінаў «Хадзі на мой голас» (2008). І.Адамовіч вёску Верцялішкі называе сваёй
калыскай і прысвячае ёй зборнік «Зямля дабрыні» (2009). Л.Кебіч адлюстравала ў кнізе
«На беразе белай ракі» (2010) сваю малую радзіму – пасёлак Краснасельскі. Артыкулы,
напісаныя падчас літаратурна-краязнаўчых вандровак па Слонімшчыне, увайшлі ў кнігу
А.Іверса «З глыбінь жыцця» (2012). З пяшчотай успамінае вёску, «адкуль у свет пайшла»,
Л.Шалешка ў зборніку «На кроснах вясны» (2016). Па ласкавых хвалях Нёмана, па
абрысах старадаўняй Каложы, па свечках вясновых каштанаў, па высакародным алені з
залатым крыжам паміж рог мы пазнаём г.Гродна ў вершах, якія ўвайшлі ў зборнікі
Л.Кебіч «Трыялеты, тэрцыны, рандэлі» (2020), М.Шаўчонак «Белыя свечкі каштанаў»
(2005), Д.Бічэль «Гускі вяртаюцца» (2019), А.Брусевіча «Падаю ў неба» (2006), В.Смолкі
«Зоркаму сэрцу» (2015), А.Паўлоўскай «За небакраем» (2015).
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены фотаздымкі Д.Бічэль, Ю.Голуба, Ю.Гуменюка,
М.Шаўчонак і іншых, аўтограф ліста Я.Брыля да Д.Бічэль, кнігі з дароўнымі надпісамі
аўтараў.
Выстаўка працуе штодзённа з 10 да 18.00, акрамя панядзелка.
Кошт уваходнага квітка – 10 кап.
Запрашаем!