Інтэлектуальны марафон «Па слядах песняроў»

Вярнуцца да падзей
23 Лістапад

22 лістапада 2017 г. супрацоўнікі літаратурнага аддзела УК ГДГАМ (Музей Максіма Багдановіча) правялі інтэлектуальны марафон «Па слядах песняроў», прысвечаны 135-годдзю з дня нараджэння класікаў беларускай літаратуры Я.Купалы і Я.Коласа.

У гульні прымалі ўдзел каманды адзінаццатых класаў УА «Гімназія № 2 г.Гродна».

Каманда «Ружы» (11 «В»): Ажарэдава Паліна (капітан), Агеева Ульяна, Аўтух Вадзім, Жураўская Інэса, Мельнікава Вольга, Дзіўнэль Яніна.

Каманда «Васількі» (11 «Г»): Шуміла Каміла (капітан), Эйсмант Кірыл, Шалешка Кацярына, Жылінская Мілена, Яхімчык Паліна, Шапель Міхаіл.

На першым этапе гульні («Размінка») каманды па чарзе адказвалі на 20 пытанняў, якія тычыліся біяграфіі і творчасці Я.Купалы і Я.Коласа. На другім этапе інтэлектуальнага марафона гімназісты павінны былі не толькі адказаць на пытанні, але і выканаць заданні з раздзелаў: «Ці ведаеце вы…», «Творчасць», «Давайце паразважаем» і інш. Каманда «Васількі» паспяхова выканала наступнае заданне: скласці з дапамогаю картак рэцэпты для прыгатавання беларускіх страў – клёцак і верашчакі, пра якія згадваецца ў паэме Я.Коласа «Новая зямля». Каманда «Ружы» павінна была суаднесці карткі з выявамі і іх назвамі адпаведна на рускай і беларускай мовах, а таксама назваць аўтара і яго твор, дзе сустракаюцца назвы прадметаў (качарэжка-кочерга, піпка-курительная трубка, начаткі-учебник по Закону Божьему і г.д.).

Гімназісты паказалі паспяховыя веды творчасці беларускіх песняроў, іх жыццёвага лёсу, безпамылкова назвалі імёны асобаў (раздзел «Асобы»), якія маюць дачыненне да Я.Купалы і Я.Коласа. Пасля першага і другога этапаў гульні лідыравала каманда «Ружы».

На трэцім этапе «Купала або Колас» перамогу атрымала каманда «Васількі», адказаўшы правільна на ўсе шэсць пытанняў, каманда «Ружы» дапусціла адну памылку.

У выніку, найбольшую колькасць балаў (125,5) за тры этапы інтэлектуальнага марафона набрала каманда «Ружы» і заняла І месца. Каманда «Васількі» – на ІІ месцы (111,5 балаў).

За ходам інтэлектуальнага марафона назірала і падводзіла вынікі журы: Алена Вітальеўна Руцкая (дацэнт УА ГДзУ імя Я.Купалы, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня журы), Валянціна Станіславаўна Садаўнічая (намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце УА «Гімназія № 2 г.Гродна»), Ларыса Леанідаўна Вашкевіч (настаўнік беларускай мовы і літаратуры УА «Гімназія № 2 г.Гродна»), Юлія Валер’еўна Васадзэ (старшы навуковы супрацоўнік УК ГДГАМ).

Усе ўдзельнікі інтэлектуальнага марафона «Па слядах песняроў» атрымалі падзячныя лісты, памятныя падарункі, каманды ўзнагароджаны дыпломамі за І і ІІ месца.