Кніга Марыі Багдановіч «Напярэдадні Каляд» выдадзена на сербскай мове

Вярнуцца да падзей
23 Кастрычнік

У кастрычніку бягучага года архіў Багдановічаў, што захоўваецца ў літаратурным аддзеле (былым Музеі Максіма Багдановіча) УК «Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей», папоўніўся новай кнігай: Маріjа Богданович «Уочи Божиħа» (Марыя Багдановіч «Напярэдадні Калядаў»). Кніга выдадзена ў 2019 г. у Бялградзе на сербскай мове. Аўтар перакладу – маладая сербская пісьменніца Даяна Лазаравіч.

Апавяданне Марыі Багдановіч «Накануне Рождества» («Напярэдадні Калядаў») было надрукавана амаль 126 гадоў таму ў 102-м снежаньскім нумары газеты «Гродзенскія губернскія ведамасці» за 1893 год. Сям’я Багдановічаў пражывала ў Гродне на Новым Свеце з 1892 па 1896 гг. У юбілейны год, да 150-годдзя з дня нараджэння Марыі Багдановіч, – маці «генія чыстай красы» – загучала па-сербску яе апавяданне «Напярэдадні Калядаў».

Перакладчыца з Сербіі Даяна Лазаравіч скончыла аддзяленне бібліяграфічнай справы і інфарматыкі філалагічнага факультэта Бялградскага ўніверсітэта, магістратуру, абараніла дысертацыю па тэме «Бібліяграфія перакладаў з сербскай мовы на беларускую і з беларускай – на сербскую».

Даяна Лазаравіч – аўтар трох паэтычных зборнікаў «Скрозь прастору і час», «Сцежкі ў зорным бязмежжы» і «Чужынец», рамана «Замглёны шлях талентаў», кнігі «Айцец Арсеній: успаміны пра духоўнага айца».

У 2017 г. у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў Мінску адбылася прэзентацыя зборніка «Венац» («Вянок»), які Даяна Лазаравіч пераклала з беларускай мовы на сербскую.

Кнігу «Уочи Божиħа» («Напярэдадні Калядаў») прывезла ў падарунак музею Жанна Уладзіміраўна Антусевіч, малодшы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску.