2022 год аб’яўлены ў Беларусі Годам гістарычнай памяці і азнаменаваны 140-годдзем з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
«Дзень быў святы. Яшчэ ад рання / блінцы пякліся на сняданне… » – так пачынаецца раздзел «Раніца ў нядзельку» з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля».
Для калектыву нашага музея на гэтым тыдні менавіта не нядзелька, а серада была навеяна таксама святасцю, таямнічасцю і вялікай радасцю. Мы чакалі прыезду дарагіх нам гасцей з Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа (г.Мінск).
13 красавіка ў музеі адбылася літаратурная гасцёўня «Разам з Коласам». У ёй прынялі ўдзел супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа: галоўны захавальнік фондаў Васіліна Міцкевіч (праўнучка пісьменніка), старшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Крыжэвіч, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Вольга Наважылава.
Госці пазнаёмілі навучэнцаў УА «Гродзенскі дзяржаўны электратэхнічны калежд імя І.Шчаснага» з жыццём і творчасцю знакамітага класіка, паказалі першы зборнік вершаў «Песні жальбы» і «Другое чытанне для дзетак беларусаў» Якуба Коласа. Навучэнцы даведаліся таксама пра сяброўства Якуба Коласа і Янкі Купалы, успомнілі любімыя радкі з паэмы «Новая зямля». Старшы навуковы супрацоўнік Аляксандр Крыжэвіч адзначыў, што менавіта паэмы «Новая зямля» і «Сымон-музыка» – гэта быццам бы два крыла Якуба Коласа. Галоўны захавальнік фондаў Васіліна Міцкевіч паказала слухачам пяро, якім любіў пісаць Я.Колас, а таксама асабістыя дакументы пісьменніка.
У межах літаратурнай гасцёўні адбылася прэзентацыя факсімільнага выдання «Водгульле». Як вядома, гэта другі зборнік вершаў паэта, які выйшаў у 1922 г. і быў перавыдадзены праз 100 гадоў у 2022 г.
Напрыканцы мерапрыемства падчас нефармальнай сустрэчы ў Новым замку супрацоўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея дамовіліся пра сумесныя творчыя праекты і цеснае супрацоўніцтва, таму што, як аказалася, у фондах гісторыка-археалагічнага музея захоўваюцца таксама каштоўныя рукапісы Я.Коласа і кнігі з аўтографамі пісьменніка.