Літаратурны турнір «Дарогамі Максіма Багдановіча»

Вярнуцца да падзей
21 май

19 Мая да Міжнароднага дня музеяў быў праведзены літаратурны турнір «Дарогамі Максіма Багдановіча». У літаратурным спаборніцтве прынялі ўдзел каманды «Слуцкія ткачыхі і ткач» і «Зорачкі» – студэнты 1 курса беларускай філалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я.Купалы.

У складзе журы – прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі: Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык (паэт, літаратурны крытык, публіцыст, намеснік старшыні гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі) і Аляксандр Віктаравіч Сявенка (пісьменнік, журналіст, краязнаўца, аўтар кніг і некалькіх соцень артыкулаў пра Гродна, член Саюза пісьменнікаў).

Першы этап гульні – размінка – складаўся з 10 пытанняў (па 5 пытанняў кожнай камандзе). «Слуцкія ткачыхі і ткач» і «Зорачкі» бездакорна прайшлі размінку і набралі максімальную колькасць балаў: 10 і 10 адпаведна (адзін правільны адказ ацэньваўся ў 2 балы).

Другі этап гульні быў прадстаўлены разнастайнымі катэгорыямі і формамі заданняў. Кожная каманда мела магчымасць самастойна выбіраць, на якую колькасць балаў яна жадае атрымаць пытанне або заданне. У кожнай з прапанаваных катэгорый: «Фотазаданні», «Асобы ў жыцці М.Багдановіча», «Ці ведаеце вы…», «Давайце паразважаем», «Творчасць М.Багдановіча» былі падрыхтаваны пытанні і заданні на 5, 10, 15, 20, 25 балаў. Студэнты амаль адразу, без падрыхтоўкі, адказвалі на пытанні з катэгорый «Фотазаданні» і «Асобы ў жыцці М.Багдановіча», відаць, што добра валодаюць матэрыялам і ведаюць, якое дачыненне той ці іншы будынак (помнік, месца) або тая ці іншая асоба мае да Максіма Багдановіча. Прыйшлося падумаць над такімі заданнямі: у якіх газетах друкаваўся Максім Багдановіч, якія з прапанаваных аўтографаў належаць паэту, «Ці праўда, што…», які памер мае самае маленькае ў свеце выданне вершаў М.Багдановіча, з надрукаваных на беларускай лацінцы радкоў скласці верш «Слуцкія ткачыхі» і інш.

Цікавымі і свайго роду «азартнымі» аказаліся заданні «Кот у торбе» і «Чорная скрыня». Студэнты спрачаліся, мелі некалькі варыянтаў адказаў – і ў выніку каманда «Слуцкія ткачыхі і ткач» правільна здагадалася, што ж схавана ў «чорнай скрыні», а каманда «Зорачкі» трошачкі памылілася з адказам, што ж гэта за «кот у торбе».

Перамогу ў літаратурным турніры «Дарогамі Максіма Багдановіча» атрымала каманда «Слуцкія ткачыхі і ткач» – 171 бал, у каманды «Зорачкі» – 141 бал.

Удзельнікі і госці літаратурнага турніру мелі магчымасць паслухаць песні на словы Максіма Багдановіча ў выкананні Аляксандра Міхайлавіча Закрэўскага – паэта, музыканта, барда, кіраўніка клуба творчай інтэлігенцыі «Грані» (ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці»).

Прапануем фотасправаздачу з мерапрыемства!