Мерапрыемства «Адам Ягоравіч Багдановіч – беларускі этнограф, педагог, мемуарыст»

Вярнуцца да падзей
19 Кастрычнік

У музеі Максіма Багдановіча 18 кастрычніка правялі мерапрыемства «Адам Ягоравіч Багдановіч – беларускі этнограф, педагог, мемуарыст», прымеркаванае да 160-годдзя з дня яго нараджэння і да Дня бацькі.

З 2022 г. у Беларусі заснавана новае свята – Дзень бацькі, які адзначаецца 21 кастрычніка.

У сакавіку бягучага года споўнілася 160 год з дня нараджэння Адама Ягоравіча Багдановіча (20.03.1862-16.04.1940) – бацькі вядомага паэта Максіма Багдановіча.

Нарадзіўся Адам Багдановіч у Халопенічах (Барысаўскі павет, Мінская губерня), цяпер Крупскі раён Мінскай вобласці, у сям’і Ягора Лук’янавіча Багдановіча і яго жонкі Анэлі, народжанай Асьмак.

У 1874 г. Адам Ягоравіч скончыў Халопеніцкае народнае вучылішча, у 1882 г. – Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1886-1892 гг. – настаўнік, затым загадчык 1-га Мінскага прыходскага вучылішча.

У 1888 г. Адам Ягоравіч Багдановіч ажаніўся з Марыяй Апанасаўнай Мякотай (1869-1896). На вуліцы Аляксандраўскай у доме Карказовіча ў той час размяшчалася 1-е прыходскае вучылішча, а на дугім паверсе былі настаўніцкія кватэры. 6 сакавіка 1890 г. у сям’і нарадзіўся Вадзім, а 9 снежня 1891 г. другі сын – Максім.

З 1892 г. сям’я Багдановічаў пераехала ў Гродна па прычыне хваробы Адама Ягоравіча на сухоты. «В Гродно я сразу запрягся в три дела: служба по отделению Крестьянского банка, где я вел всё делопроизводство (хотя назывался помощником бухгалтера) и камеральные оценки земли, сотрудничал в неофициальной части «Губернских ведомостей» и был избран директором публичной библиотеки, сверх того, я состоял представителем общества драматических писателей и оперных композиторов».

Увесь вольны час Адам Ягоравіч праводзіў з дзецьмі: «Условия для воспитания детей были благоприятные: на дворе садик, кругом сады, поля, неподалёку лес, да и Неман недалеко. Дети всё время на чистом воздухе, климат мягкий. Всё своё свободное время я отдавал детям, чтобы облегчить бремя матери, у которой через два года после Максима появился новый ребёнок – сын Лева. Я часто брал их на прогулку и в поле, и в лес, и на Неман… Кроме меня мать никому детей не доверяла, а дома при них находилась безотлучно…» – згадвае Адам Ягоравіч (Шлях паэта. Успаміны і біяграфічныя матэрыялы пра Максіма Багдановіча. – Мн. : Маст. літ., 1975.).

Пра гродзенскі перыяд жыцця сям’і Багдановічаў удзельнікам мерапрыемства паведаміла Марыя Апанасаўна (у ролі якой выступіў супрацоўнік музея), яна паказала гасцям 4-х пакаёвую кватэру, якую здымалі Багдановічы на 1-м паверсе ў доме Агульнікава, расказала пра Фрэбелеўскую методыку выхавання дзяцей, працоўную дзейнасць Адама Ягоравіча, падзялілася з прысутнымі рэцэптамі прыгатавання лекавай гарбаты з засушаных зёлак. Дарэчы, усім пашанцавала і пакаштаваць смачную гарбату з мяты і шалфею.

У другой частцы мерапрыемства прынялі ўдзел выхаванцы ДУА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў № 1 імя Ю.В.Семянякі г.Гродна». Сівы Яўген выканаў песню «Мама», Куроўская Яраслава і Бібіла Эльвіра праспявалі песню «Папа», Бруштунова Валерыя – песню «Мой папа хороший». Усім выканаўцам і іх настаўніку Наталлі Зігмандаўне Жалкоўскай за бліскучыя выступленні гледачы падаравалі гучныя апладысменты і шчырыя словы падзякі.

Студэнты 1 курса дзённай формы навучання УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы» спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» падрыхтавалі і прачыталі ўспаміны Адама Ягоравіча, у якіх ён прадставіў свае педагагічныя погляды на выхаванне і асаблівасці першапачатковага навучання дзяцей ім жа самім. Студэнты распавялі таксама пра кола знаёмых і інтарэсаў Адама Ягоравіча, уклад жыцця ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі. Асаблівыя словы падзякі выступоўцам Рынкевіч Вікторыі, Лупач Лізавеце, Ярашэвіч Кацярыне, Швірблі Эльвіры, Сініца Ульяне і старшаму выкладчыку кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання Святлане Дзмітрыеўне Грынько.

Як вядома, пасля смерці першай жонкі Адам Ягоравіч пажыў у Гродне літаральна некалькі тыдняў. У лістападзе 1896 г. ён быў пераведзены на працу бухгалтарам у Ніжагародскі банк. У Ніжнім Ноўгарадзе ў А.Багдановіча завязаліся сяброўскія, а затым і сваяцкія адносіны з М.Горкім: у пачатку 1899 г. Адам Багдановіч ажаніўся з Аляксандрай Волжынай, роднай сястрой жонкі М.Горкага. У канцы таго ж году Аляксандра памерла ад родаў.

З 1908 г. Багдановічы пераехалі ў Яраслаўль. Адам Ягоравіч працаваў на службе ў Яраслаўскім банку, у 19201931 гг. – загадваў навуковай бібліятэкай Яраслаўскага дзяржаўнага музея. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах. З 1931 г. выйшаў на пенсію, займаўся выключна навуковай работай, пісаў мемуары.