Мерапрыемства «І душы мацярэй нас могуць чараваці…»

Вярнуцца да падзей
19 Кастрычнік

Дзень маці – гэта міжнароднае свята, якое ў Беларусі адзначаецца з 1996 г. штогод 14 кастрычніка.

Менавіта ў гэты дзень вучні 3 «Г» класа ДУА «Сярэдняя школа № 18 імя Л.М.Даватара г.Гродна» разам з класным кіраўніком Усцімавай Інгай Сяргееўнай пабывалі ў гасцях у музеі Максіма Багдановіча і сталі ўдзельнікамі мерапрыемства «І душы мацярэй нас могуць чараваці…», прымеркаванага да Дня маці.

Ушаноўванне жанчыны-маці мае шматвяковую гісторыю. У гэты дзень прынята віншаваць нашых паважаных, любых і дарагіх матуль. Як сонейка сваімі яркімі промнямі сагравае нашу зямлю, так і мама бясконцай любоўю сагравае нас усё жыццё.

На мерапрыемстве ў музеі дзеці даведаліся пра маму вядомага паэта Максіма Багдановіча – Марыю Апанасаўну: якую адукацыю яна атрымала, як моцна любіла сваіх дзетак, згодна якой методыцы іх выхоўвала, якімі сама валодала здольнасцямі і чаму так рана пайшла з жыцця.

На хвілінках-размінках дзецям было прапанавана скласці з кубікаў з літарамі словы: «мама», «матуля», «маці», «Максім», «Радзіма» і інш., а таксама напісаць сапраўдным пяром і чарнілам віншавальную паштоўку сваёй матулі.

У другой частцы мерапрыемства вучняў чакаў прыемны сюрпрыз – сустрэча з дзіцячай пісьменніцай, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, пераможцам абласнога конкурсу рукапісаў імя Цёткі ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» (2022) Таццянай Аркадзьеўнай Сучковай.

Пісьменніца пазнаёміла школьнікаў са сваімі кнігамі «Ты куда бежишь, тропинка?», «О госпоже печали и Настиной улыбке», «Удивительные приключения макаронины Моти и другие невероятные происшествия», «Необычайные приключения на острове плаксита», «Тёплый дожик», прачытала дзецям вершы, загадала загадкі, дала карысныя парады і падзялілася кулінарнымі рэцэптамі са сваіх кніг. Вучням вельмі спадабаліся «гумарыстычныя» вершы Таццяны Аркадзьеўны, бо гумар і смех – гэта радасць і здароўе. Дзеці прачыталі вершы Таццяны Сучковай «Пірог», «У лесе», «Что дороже всех на свете?»

Нашаму музею Таццяна Аркадзьеўна прысвяціла верш «У Музеі М.Багдановіча»:

  • Музей ля парку Жылібера:
  • Прытульны, дарагі куток.
  • З цудоўных вершаў на паперы
  • Паэтам сплецены вянок.
  • Заўсёды тут парыў натхнення,
  • Палёт душы і цішыня.
  • Жыццё яго адно імгненне:
  • Каханне, мужнасць, дабрыня.
  • Мы пройдзем разам па сцяжынках,
  • Дзе шчыра так кахаў паэт.
  • Жыццёвы шлях у фотаздымках,
  • У кожным вершы творчы след.
  • На сэрцы соладка ці горка,
  • Мы сёння, заўтра побач з ім.
  • Хай над зямлёй палае зорка,
  • Што ярка запаліў Максім.

У завяршэнні мерапрыемства мы зрабілі агульны здымак на памяць, а Таццяна Аркадзьеўна падарыла музею і вучням свае кніжкі, прыемныя і салодкія ўспаміны ад цёплай і шчырай сустрэчы.