З 19 снежня 2025 г. у Музеі гісторыі Гарадніцы працуе выстаўка “Казкі нашага дзяцінства”, створаная майстрамі аўтарскай лялькі Галінай Жэмчужнікавай, Аленай Шылко, Інай Коўтун, Ірынай Булаевай, Святланай Янчылік, Святланай Касенка, Таццянай Дзёшавай (творчая група “ЛИССА и Г”). Мэта выстаўкі – праз вобразы аўтарскіх лялек зазірнуць у свет дзяцінства, свет казак і цудаў.
Стварэнне казачнай і мульцяшнай аўтарскай лялькі – займальны і карпатлівы творчы працэс, у якім арыгінальныя задумкі гродзенскіх майстрых увасабляюцца ў незвычайным лялечным свеце. Кожная лялька ствараецца ўручную ў адзіным экзэмпляры, прадумваецца вобраз і індывідуальнасць персанажа, лялечны касцюм, абутак, мініяцюрныя аксесуары.
У экспазіцыі выстаўкі можна ўбачыць звыш сарака літаратурных і мульцяшных персанажаў, выкананых з палімернай гліны, тэкстылю, воўны, пап’е-машэ. Значная частка лялек прадстаўлена ў адпаведных казачных дэкарацыях.


