З 23 красавіка 2019 года Музей Максіма Багдановіча запрашае на выстаўку «І душы мацярэй нас могуць чараваці…», прымеркаваную да 150-годдзя з дня нараджэння Марыі Багдановіч.
На выстаўцы прадстаўлены выданні зборніка «Вянок» 1913 (факсіміле) і 2005 гадоў, кніга «Максім Багдановіч. Альбом-выстаўка ў школе» (Мінск, 1968 г.). Вобраз Мадонны – адзін з любімых вобразаў Максіма Багдановіча. Паэт звяртаецца да яго ў паэмах «Вераніка» і «У вёсцы». Упершыню у нашым музеі экспануецца карціна «Маці Боская з дзіцяткам Хрыстом і Святой Ганнай» (Заходняя Еўропа, XVII-XVIII стст.).
Марыі Багдановіч прысвяцілі вершы А.Чобат і Д.Бічэль у кнігах «Ты не самотны…» (Гродна, 1997 г.) і «Загасцінец» (Мінск, 1985 г.). Матэрыялы, прысвечаныя маці паэта, увайшлі ў кнігу «Я хацеў бы спаткацца з Вамі…» (укл. Т.Шэляговіч, Мінск, 2009 г.). Экспануецца фотаздымак народнай артысткі Беларусі Людмілы Златавай у ролі Марыі Багдановіч пасля прэм’еры спектакля «Зорка Венера» ў Вялікім тэатры оперы і балета БССР, а таксама групавы фотаздымак аўтараў, пастаноўшчыкаў і ўдзельнікаў прэм’еры.
Увазе наведвальнікаў прадстаўлены кнігі, у якія ўвайшлі вершы, прысвечаныя маці:
- «Ave Maria» М.Танка (Мінск, 1980 г.)
- «Матчына душа» У.Караткевіча (Мінск, 1958 г.)
- «Пара любові і жалю» Я.Янішчыц (Мінск, 1983 г.)
- «Невадам з Нёмана» Л.Геніюш (Мінск, 1967 г.)
- «Добры дзень, мама!» У.Васілевіча (Мінск, 1977 г.)
Частка экспануемых кніг – з аўтографамі аўтараў.
На выстаўцы прадстаўлены прадметы побыту канца ХІХ – ХХ стст.: падсвечнік, рамка для фотаздымкаў, газавая лямпа, флакон для духоў.
Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 18.00 (панядзелак – выходны).