Выстаўка «І вецер, і сокал, і я…» да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы

Вярнуцца да падзей
1 Чэрвень

У Музеі Максіма Багдановіча з 1 чэрвеня 2022 года працуе выстаўка «І вецер, і сокал, і я…», прымеркаваная да 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы.

Янка Купала, сапр. Іван Дамінікавіч Луцэвіч (7 ліпеня 1882 – 28 чэрвеня 1942) – беларускі паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы. Народны паэт Беларусі (1925). Акадэмік АН БССР (1928).

Першы зборнік вершаў Я.Купалы «Жалейка» быў выдадзены ў 1908 г. пецярбургскім выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша ваконца», на выстаўцы экспануецца факсімільнае выданне 1982 г. Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены арыгінальнае выданне трэцяга зборніка Я.Купалы «Шляхам жыцця» (Санкт-Пецярбург, 1913), а таксама рэдкія выданні – п’еса «Раскіданае гняздо» (Вільня, 1919) і трагікамедыя «Тутэйшыя» (Мюнхен, 1953). Чацвёртая кніга паэзіі «Спадчына», прасякнутая ўласцівай паэту філасофскай глыбінёй, убачыла свет у 1922 г., на выстаўцы – факсімільнае выданне 1992 г.

З артыкуламі, нарысамі, рэцэнзіямі і ўспамінамі пісьменніка знаёміць кніга «Публіцыстыка» (Мінск, 1972). У кнізе «А хто там ідзе? » (Мінск, 1983) змешчаны пераклады аднайменнага верша Я.Купалы на 82 мовы свету. Творчая спадчына класіка прадстаўлена ў наступных выданнях: «Гусляр» (Масква, 1972), «Драматычныя творы» (Мінск, 1952), «Выбраныя творы» (Мінск, 1952).

Цікавасць уяўляюць памятныя манеты «Янка Купала. 1882–1942» (Рэспубліка Беларусь, 2002), медаль «Народны паэт Беларусі Янка Купала» (БССР, 1979), барэльеф «Янка Купала» (БССР, 1982), фотаздымак і запрашэнні на Рэспубліканскае свята паэзіі ў в. Вязынка і ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды святкавання 100-годдзя з дня нараджэння песняра.