Выстаўка «Матчын дарунак ад самай калыскі…» у Музеі Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
2 люты

У Музеі Максіма Багдановіча з 1 лютага працуе выстаўка «Матчын дарунак ад самай калыскі…», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы.

Мова – наймацнейшы сродак захавання і развіцця духоўнай культуры народа, непарыўнай сувязі паміж нашымі продкамі і нашчадкамі, падмурак для этнічнай і нацыянальнай самасвядомасці людзей. З мэтай захавання моўнай і культурнай разнастайнасці быў заснаваны Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага.

  • Родная мова, цудоўная мова!
  • Ты нашых думак уток і аснова!
  • Матчын дарунак ад самай калыскі,
  • Ты самацветаў яскравая нізка. 

Ул. Дубоўка «Родная мова, цудоўная мова!..»

Беларуская мова – гэта наш нацыянальны скарб. У штодзённым ужытку і творах вядомых пісьменнікаў беларуская мова часта гучыць як «спрадвечная, родная, матчына, першая мова». Доўгімі і складанымі былі шляхі станаўлення і развіцця пісьмовай спадчыны нашых продкаў ад старабеларускай да сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Падручнік «Беларуская граматыка для школ» Б.Тарашкевіча, выдадзены ў 1918 г., стаў асновай для далейшага развіцця беларускага мовазнаўства. На выстаўцы экспануецца выданне 1929 г., пераробленае і пашыранае.

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены падручнікі і граматыкі розных аўтараў:

  • – К.Шапялевіч «Беларуская мова. Граматыка і правапіс» (Мн., 1933),
  • – Я.Лёсік «Школьная граматыка беларускае мовы» (Мн., 1927),
  • – Б.Тарашкевіч і Я.Лёсік «Беларускі правапіс» (Вільня, 1925),
  • – А.Севярнёва і С.Шыманская «Беларуская мова. Падручнік для першага класа» (Мн., 1964);

чытанкі:

  • – А.Якімовіч і Е.Гародкіна «Чытанка» (Мн., 1936),
  • – Ю.Тупяневіч і А.Тупяневіч «Юная раць» (Мн., 1932),
  • – Н.Мяшалкіна-Сіўко і Л.Лукіна «Будзь гатоў» (Мн., 1932),
  • – А.Пашкевіч (Цётка) «Першае чытанне для дзетак беларусаў» (факсімільнае выданне, 1906);
  • – часопіс для дзяцей «Заранка» (1927).

Цікавасць уяўляюць таксама пісьмовыя прылады і прадметы сярэдзіны ХХ ст.: пенал школьны, чарніліца, падсвечнік, газавая лямпа.

Запрашаем на выстаўку!

Кошт – 10 капеек!

Музей працуе з 10.00 да 18.00, панядзелак – выхадны.