Вялікая Айчынная вайна назаўжды застанецца ў сэрцах наступных пакаленняў беларусаў. Вогненыя гады той вайны, яе боль і горыч, а таксама радасць перамогі далі натхненне многім творцам. Тэма вайны – адна з ключавых у беларускім мастацтве другой паловы ХХ – пачатку ХХІ ст. На выстаўцы “Няўжо забыцца можна пра вайну” наведвальнікам прадстаўлены некалькі дзясяткаў мастацкіх работ з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея. Яны створаны мастакамі, якія самі прайшлі праз вайну са зброяй у руках, або перажылі яе, працуючы ці навучаючыся ў савецкім тыле. Прадстаўленыя тут творы – гэта і шэдэўры соцрэалітычнага стылю ад класікаў беларускага мастацтва і вынік творчых пошукаў менш вядомых, але таленавітых мастакоў, многія з якіх пасля Вялікай Айчыннай вайны жылі і працавалі ў Гродне. Ключавая тэма большасці твораў – гераізм чалавека на вайне, трагедыя генацыда беларускага народа, радасць Перамогі і пасляваеннае аднаўленне. Творы, якія экспануюцца на выстаўцы, на працягу дзесяцігоддзяў захоўваліся ў фондасховішчах музея. Некалькі твораў былі адрэстаўрараваны спецыяльна да 80-годдзя вызвалення Беларусі.