Выстаўка «Сапраўдны гарадзенец» у Музеі Максіма Багдановіча

Вярнуцца да падзей
2 красавік

У Музеі Максіма Багдановіча з 1 красавіка 2020 года працуе выстаўка «Сапраўдны гарадзенец», прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Аляксея Карпюка.

Аляксей Нічыпаравіч Карпюк (14.04.1920–14.07.1992) – беларускі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступені, медалямі і залатым крыжам польскага ордэна «Віртуці Мілітары». Заслужаны работнік культуры БССР (1980). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1986) за кнігу «Сучасны канфлікт».

У 1938-1939 гг. вучыўся ў польскай гімназіі ў Вільні, у 1939-1941 – у Навагрудскім педагагічным вучылішчы. У гады нямецка-фашысцкай акупацыі ўваходзіў у склад падпольнай дыверсійнай групы. Падчас адной з дыверсій на чыгунцы (у канцы 1942 г.) быў арыштаваны і адпраўлены ў беластоцкую турму, а адтуль у канцлагер Штутгоф. Увосень 1943 г. уцёк з канцлагера і прыняў удзел у партызанскай барацьбе. У 1944 г.быў камандзірам партызанскага атрада імя К.Каліноўскага на Гродзеншчыне. У 1944-1945 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы і Германіі. Двойчы паранены, інвалід II групы..

У 1949 г. скончыў аддзяленне англійскай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута. Працаваў загадчыкам Сапоцкінскага РАНА (1949-1951), дырэктарам Біскупцкай сямігадовай школы Ваўкавыскага раёна (1951-1953). У друку дэбютаваў у 1953 г. аповесцю «У адным інстытуце». Член СП СССР з 1953 г. Працаваў у Гродзенскім педінстытуце (1953-1955), у абласной газеце «Гродзенская праўда» (1955-1957), уласным карэспандэнтам газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве. З 1961 г.– загадчык агенцтва «Інтурыст» (Гродна), з 1965 г. – сакратар Гродзенскага абласнога аддзялення СП БССР, у 1977-1981 гг. – дырэктар Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродна. З 1978 г. – зноў сакратар Гродзенскага аддзялення СП БССР , у 2-ой пал. 1980-х гг. актыўна ўдзельнічаў у грамадскім жыцці г.Гродна.

У 2019 г. на доме па вул. Э.Ажэшкі, 49, дзе жыў пісьменнік Аляксей Карпюк, усталявана мемарыяльная шыльда (скульптар У.Панцялееў).

На выстаўцы экспануюцца кнігі аўтара:

  • «Данута» (Мінск, 1963),
  • «Мая Гродзеншчына» (Мінск, 1960) і
  • «След на зямлі» (Мінск, 1972).
  • «Карані» (Мінск, 1988),
  • «Вершалінскі рай» (Мінск, 1974),
  • «Свежая рыба» (Мінск, 1978).
  • «Партрэт» (Мінск, 1983).
  • «Развітанне з ілюзіямі» (Гродна-Вроцлаў, 2008)

Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены франтавыя лісты-трохкутнікі А.Карпюка да бацькоў і знаёмых, фотаздымкі з сямейнага архіва пісьменніка, рукапісы, напісаныя аўтарам у перыяд працы ў Гродзенскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнкаў Беларусі.

Запрашаем на выстаўку! Уваход для ўсіх – 5 капеек!

Музей працуе з 10.00 да 18.00 (без выходных).