У Музеі Максіма Багдановіча з 14 красавіка працуе часовая экспазіцыя “Старонкі музейнага летапісу”, прымеркаваная да 40-годдзя Музея Максіма Багдановіча ў Гродне.
Часовая экспазіцыя ўяўляе сабой каштоўны візуальны летапіс, які адлюстроўвае гісторыю станаўлення музея ад моманту яго стварэння ў 1986 годзе.
Цікавасць уяўляюць кнігі з дароўнымі надпісамі гродзенскіх пісьменнікаў. Гэта кніжная спадчына сведчыць пра бесперапынны дыялог пакаленняў, які ператварае музейныя фонды ў сапраўдную скарбніцу духоўнай памяці Прынёманскага краю.
Да ўвагі наведвальнікаў прадстаўлены кнігі:
- “Вянок паэтычнай спадчыны” М. Багдановіча (1960),
- “Загасцінец” Д. Бічэль-Загнетавай (1985),
- “Ключы ад неба” Л. Кебіч (2005),
- “Абярэг” Б. Ермашкевіча (2012).
На фотаздымках – Данута Бічэль-Загнетава з наведвальнікамі ў экспазіцыі (1986), будынак музея падчас рамонту ў 1990-я гг., урачыстае адкрыццё адноўленай экспазіцыі з удзелам народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча, міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь Анатоля Бутэвіча, начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Вячаслава Брыкача і іншых гасцей (1994).
Запрашаем на выстаўку!
Кошт – 20 капеек!
Музей працуе з 10.00 да 19.00, каса – да 18.00.
Панядзелак – выхадны.

