«Культурнай сталіцай года» ў 2024 годзе стануць Бялынічы

Вярнуцца да навін
28 сакавік

У 2024 годзе статус “Культурная сталіца года” будзе прысвоены Бялынічам.

У 2023 годзе Міністэрства культуры разгледзела заяўкі і матэрыялы прэзентацый аб наданні статусу “Культурная сталіца года” такім гарадам, як Камянец, Глыбокае, Мазыр, Свіслач і Бялынічы. Па выніках калегіі ведамства было прынята рашэнне прысвоіць статус “Культурнай сталіцы года” ў 2024 годзе Бялынічам.

Як расказала начальнік упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Ірына Карповіч, статус “Культурная сталіца года” прысвойваецца на аснове пэўных крытэрыяў. “У нас у пастанове прапісаны крытэрыі. Яны звязаны з праводзімай работай у рамках культурнай асветы насельніцтва. Акрамя таго, важна наяўнасць матэрыяльна-тэхнічнай базы. Увага ўдзялялася і рабоце з гісторыка-культурнай спадчынай, якая праводзіцца ў тым ці іншым горадзе. Для ўсіх удзельнікаў крытэрыі былі аднолькавыя. Члены калегіі атрымалі ацэначныя лісты, і падліковая камісія на аснове тайнага галасавання падвяла вынікі”, – сказала Ірына Карповіч.

Яна дадала, што гэта мерапрыемства праводзіцца ўжо 15-ы раз. “Першапачаткова культурнай сталіцай станавіліся буйныя гарады Беларусі, напрыклад Гродна, Брэст або Полацк. У гэтым годзе культурную сталіцу нашай рэспублікі прадстаўляе Слуцк. Але справа даходзіць і да невялікіх гарадоў. Разам з тым, яны вельмі каларытныя і насычаны культурным жыццём. Гэта цудоўная магчымасць на працягу года прадэманстраваць усе вартасці гасцям культурнай сталіцы, насыціўшы рэгіён рознымі культурнымі мерапрыемствамі”.