У філіяле Нацыянальнага мастацкага музея “Музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі” ў Магілёве праходзіць выстава жывапісу і графікі сямейнай пары Юрыя і Вольгі Крупянковых пад назвай “Навагодняя казка”. Аб гэтым БЕЛТА расказалі ў музеі.
Больш за 30 работ, створаных у розных тэхніках, прапануюць гледачу акунуцца ў свет, дзе штодзённае становіцца чароўным, а ўтульнасць – галоўным святочным сімвалам. Хоць Юрый і Вольга Крупянковы працуюць у розных жанрах – ён у жывапісе, яна ў графіцы – іх творчыя натуры надзіва сугучныя. Аб’ядноўвае іх пазітыўны погляд на жыццё, імкненне ўбачыць казачнасць у прывычных дэталях і перадаць праз мастацтва шчырыя чалавечыя пачуцці.
Палотны Юрыя Крупянкова вызначаюцца выразнасцю і складанымі шматфігурнымі кампазіцыямі, дзе кожная дэталь старанна прадумана. У графічных лістах Вольгі – вытанчанасць ліній, насычаная пластыка вобразаў і тонкае адчуванне свята. Разам іх работы ствараюць адчуванне кранальнага пазнавання: вось ён – родны горад, знаёмая музыка, любімыя казкі.
“Глядач выразна адчувае, што за гэтымі творамі стаіць не толькі майстэрства, але і бясконцая любоў да жыцця, да сям’і, да родных вуліц. Цеплыня і пяшчота літаральна сталі суаўтарамі мастакоў”, – адзначаюць у музеі.
Выстава “Навагодняя казка” будзе працаваць да 1 лютага 2026 года.