Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння выдатнага кампазітара, выканаўцы, аранжыроўшчыка, мастацкага кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля “Песняры”, народнага артыста БССР і СССР Уладзіміра Мулявіна.
Нарадзіўся Уладзімір Георгіевіч далёка ад Беларусі – на Урале, у Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург) 12 студзеня 1941 года. Яго бацька, Георгій Арсенцьевіч, быў рабочым на заводзе “Уралмаш”, маці, Акуліна Сяргееўна, – швачкай. Пасля заканчэння школы Мулявін паступіў у Свярдлоўскае музычнае вучылішча. Аднак праз некаторы час яго адлічылі з-за захаплення джазам. І хоць Уладзіміра потым аднавілі, ён пакінуў вучылішча па ўласным жаданні.
У 1963 годзе Уладзімір Георгіевіч пераехаў у Мінск, дзе быў залічаны ў штат Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Потым былі армія і ансамбль Беларускай ваеннай акругі.
Уладзімір Мулявін заўсёды цікавіўся народнай музыкай. Беларускія народныя песні пакінулі глыбокі след у яго душы з першага знаёмства з імі. У 1968 годзе музыкант зрабіў пачатковыя крокі да стварэння ансамбля: унутры эстраднага рэвю “Лявоніха” быў арганізаваны ансамбль “Лявоны”. Для яго Мулявін пачаў пісаць уласныя песні і перапрацоўваць беларускі фальклор. Аднак з назвай “Лявоны” група праіснавала нядоўга. Калі калектыў рыхтаваўся да IV Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады ў 1970 годзе, было прынята рашэнне перайменаваць яго ў “Песняры”.

Больш падрабязна можна азнаёміцца па спасылцы БЕЛТА