Выставу “Вяртанне ў Заслэў. Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых”, прымеркаваную да Міжнароднага дня памяці ахвяр халакосту, прадставілі ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку “Заслаўе”. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала намеснік дырэктара па навуковай рабоце, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ксенія Сямашка.
“Першая частка выставы “Яўрэйскія словы, сузор’е агеньчыкаў мілых” прэзентуе гісторыю беларуска-савецкіх яўрэйскіх пісьменнікаў 1920-1930-х гадоў. У экспазіцыі прадстаўлены 22 планшэты, на якіх размешчаны біяграфіі галоўных герояў, што пісалі пра жыццё яўрэяў вялікіх гарадоў і маленькіх мястэчак”, – сказала Ксенія Сямашка.
Паводле яе слоў, экспазіцыя дапоўнена інсталяцыямі “Віленскі стол”, “Зэлмэняне” і “Сінагога”. Апавяданне пра сяброўства і жыццё яўрэяў і беларусаў таксама дапаўняецца кнігамі, якія прадаставілі Саюз беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын і Музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі пры саюзе. Сярод іх арыгінальныя выданні з аўтографамі аўтараў.
Другая частка праекта – мастацкая інсталяцыя майстэрні “Басталія”. На ёй важныя для яўрэйскага народа тэмы перададзены праз вобразы, карту ідышскай Вільні, сімволіку і работы, прысвечаныя М.Кульбаку і іншым яўрэйскім пісьменнікам Беларусі.
“Таксама на выставе кожны наведвальнік можа паспрабаваць сябе ў ролі чытальніка і дэкламатара. Для гэтага трэба прачытаць верш героя нашай выставы і апублікаваць гэта ў сваіх сацыяльных сетках. Так вы зможаце далучыцца да нашай акцыі”, – дадала Ксенія Сямашка.
Экспазіцыя прадоўжыць работу да 8 лютага.
