Юбілейны, XXX Дзень беларускага пісьменства пройдзе 2-3 верасня ў Гарадку Віцебскай вобласці.
Гарадок славіцца сваімі багатымі традыцыямі і творчай спадчынай. Гарадоцкая зямля – радзіма Канстанціна Вераніцына, аўтара аднаго з самых папулярных твораў беларускай літаратуры XIX стагоддзя – паэмы “Тарас на Парнасе”, якая доўгі час лічылася ананімнай. У 1973 годзе доктар філалагічных навук Генадзь Кісялёў прыадкрыў заслону тайны аўтарства. Пазней у горадзе заснавалі фестываль у гонар знакамітага земляка пад назвай “Гарадоцкі Парнас” і ўстанавілі скульптуру галоўнаму герою паэмы – палясоўшчыку Тарасу.
Урачыстасці Дня беларускага пісьменства ўжо шмат гадоў праводзяцца ў розных гарадах Беларусі для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры і друкаванага слова. Свята прымаюць гістарычныя і культурныя цэнтры, з якімі звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. Традыцыя святкавання Дня беларускага пісьменства зарадзілася ў 1994 годзе, калі 28 жніўня ў Полацку ўпершыню прайшлі мерапрыемствы ў гонар Дня беларускага пісьменства і друку. 26 сакавіка 1998 года быў прыняты ўказ Прэзідэнта нумар 157 “Аб дзяржаўных святах, святочных днях і памятных датах у Рэспубліцы Беларусь”, які ўстанавіў, што Дзень беларускага пісьменства будзе штогод адзначацца ў першую нядзелю верасня. З гэтага моманту свята атрымала асабліва шырокі размах і падтрымку на самым высокім узроўні.