Сумная навіна – не стала Віктара Саяпіна

Вернуться к событиям
3 Февраль

Сумная навіна – не стала Віктара Юр’евіча Саяпіна. Мы добра ведалі гэтага чалавека, ён быў сябрам музея, цікавым чалавекам, які любіў наш горад, які зрабіў так многа для складання летапісу яго гісторыі і яшчэ так многа, на жаль, не паспеў зрабіць.

Упершыню ў аддзел рэдкай кнігі музея Віктар Юр’евіч Саяпін прыйшоў у 2003 годзе, калі быў начальнікам аддзела гродзенскай мытні і працаваў над сваёй кнігай аб гісторыі мытнай службы. Вынікам працы стала грунтоўнае даследаванне – першая ластаўка, якая абвясціла аб з’яўленні апантанага шукальніка, даследчыка – краязнаўца і гісторыка, – бясконца ўлюбёнага ў родны горад. З тых часоў Віктар Юр’евіч стаў частым госцем аддзела рэдкіх кніг, а за першай кніжкай адна за адной пайшлі наступныя: па гісторыі гродзенскага спорту, гродзенскіх прадпрыемстваў, вуліц і плошчаў горада, страчанай архітэктурнай спадчыны.

Віктар Юр’евіч меў яшчэ адно захапленне – быў цудоўным садаводам, разводзіў кветкі. Ён прыносіў фота прыгожых экзатычных раслін з дачы, расказваў, якія новыя гатункі набыў, дзяліўся шыкоўнымі кветкамі.

З задавальненнем  Віктар Юр’евіч прыходзіў у музей на адкрыцці новых выстаў, на розныя музейныя мерапрыемствы. І заходзіў проста так, каб расказаць пра планы новых кніг або пацікавіцца, што новага ў музеі.

Супрацоўнікі нашага музея смуткуюць па Віктару Юр’евічу Саяпіну і выказваюць шчырае спачуванне яго родным і блізкім. Для Гродна гэта вялікая страта…

Нам засталіся яго кнігі, яго публікацыі. І прыклад адданага служэння роднаму гораду.