18 кастрычніка – адкрыццё ў Новым замку выстаўкі Пятра Краўчанкі “З Беларуссю ў сэрцы”

Вярнуцца да падзей
13 Кастрычнік

18 кастрычніка ў 17:00 у Сенатарскай зале Новага замка адбудзецца адкрыццё выставы рарытэтаў “З Беларуссю ў сэрцы” з калекцыі Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь (1990–1994) Пятра Краўчанкі.

Пётр Краўчанка – вядомы беларускі дыпламат, грамадскі дзеяч і вучоны. Пётр Кузьміч Краўчанка вядомы не толькі як палітычны і дзяржаўны дзеяч, але і як калекцыянер рарытэтаў, звязаных з гісторыяй Беларусі. Калекцыяніраваннем ён пачаў займацца яшчэ ў 1970-х гадах, калі быў аспірантам БДУ. Прыкладам для яго стаў вядомы віцебскі калекцыянер Іван Данілавіч Галькевіч. Фарміраванне калекцыі Пятра Кузьміча адбывалася пад уплывам такіх людзей, як Ляонцій Клок (супрацоўнік гістарычнага музея), пісьменнік Барыс Сачанка, паэт Маскім Лужанін, дацэнт БДУ Анатолій Самускевіч.

Адно з цэнтральных месцаў у экспазіцыі займаюць фотаздымкі Тэафiла-Эўгенiюша Барэццi канца ХІХ стагоддзя, на якіх адлюстраваны віды Нясвіжа і месцы, звязаныя с Адамам Міцкевічам. Частка экспанатаў уяўляюць сабой партрэты вядомых дзяржаўных і палітычных дзеячаў Еўропы і Расійская імперыі. У экспазіцыі прадстаўлены гравюры XVII стагоддзя Дамініка Кусто, на якіх выяўлены прадстаўніку роду Радзівілаў і кароль Рэчы Паспалітай Стэфан Баторый, партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага вядомага гравёра XVIII стагоддзя Готліба Якаба Марсталера, партрэт Кацярыны ІІ гравёра Рейнхарда Вінкелеса і інш.

Значную частку калекцыі складаюць аўтографы вядомых асоб. На выставе прадстаўлены дакументы з подпісамі Льва Сапегі, Льва Талстога, Кацярыны ІІ, Мікалая І і інш. Асаблівую ўвагу прыцягвае комплекс дакументаў, гравюр і памятных медалёў, звязаных з імператарм Францыі Напалеонам І Банапартам.