30 верасня 2021 года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння Ніла Гілевіча

Вярнуцца да падзей
3 Кастрычнік

Гілевіч Ніл Сымонавіч (30.09.1931–29.03.2016) – народны паэт Беларусі (1991), перакладчык, публіцыст, літаратуразнаўца, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980), кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985–1990), народны дэпутат БССР (1990). З 1980 г. па 1989 г. – першы сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Цікавыя факты пра Ніла Гілевіча:

  • – Адразу ж пасля Вялікай Айчыннай вайны Н.Гілевіч уладкаваўся працаваць паштальёнам у калгас.
  • – Пісаць вершы Н.Гілевіч пачаў, калі яму было дзевяць гадоў. А першы надрукаваны твор з’явіўся ўжо пасля вайны, у 1946 годзе: верш «Яблынька» апублікаваў часопіс «Бярозка».
  • – Змяніў сваё імя. Бацькі будучага пісьменніка вырашылі назваць сына Нінел («Ленін» наадварот), Гілевіч пасля змяніў імя на «Ніл».
  • – Дапамог Зосьцы Верас (сапр. Л.Сівіцкая-Войцік), з якой нарадзіліся ў адзін дзень: «…мне ўдалося выправіць адну страшную несправядлівасць у адносінах да яе. Яна ж не была нават сябрам нашага Саюзу пісьменнікаў, маючы вялікі літаратурны стаж. А значыць − не атрымлівала пенсіі. І мне ўдалося паспрыяць ёй, з дапамогай Генадзя Каханоўскага, бо была адна фармальнасць. Кандыдат у СП мусіў абавязкова жыць у Беларусі, а Зоська Верас жыла пад Вільняй. Дык Каханоўскі меў сваю хату ў Маладзечна і прыпісаў да сябе нейкую бабульку, ніхто там не разбіраўся. Перашкода была знятая, і я тут жа, без прыёмнай камісіі (быў жа першым сакратаром саюзу) − адразу на прэзідыум, і ўсе падтрымалі. Літаральна назаўтра − па тэлефоне сярдзіты голас з ЦК КПБ, загадчык аддзелу Антановіч: «Што вы робіце? Вам не хапала ў Саюзе пісьменнікаў гэтай старэчы?». Я кажу: «Вельмі не хапала. Вы проста не маеце ўяўлення, што гэта за чалавек, колькі яна зрабіла для нашай літаратуры і культуры».
  • – Ніводная з яго 15-ці п’ес не была пастаўлена. «Відаць, я ня маю неабходных драматургу здольнасцяў. П’есу трэба прабіваць, што ўмелі рабіць мае знаёмыя і сябры. Трэба ісці ў міністэрства культуры, да галоўнага рэжысэра і г.д. Я − палец аб палец не ўдарыў. Вось прачытаў Валеры Анісенка маіх «Родных дзяцей» і папрасіў зрабіць лібрэта для радыёп’есы. Я зрабіў. П’еса пару разоў прагучала па радыё, былі добрыя водгукі, выдатныя акторы прымалі ўдзел. Але сапраўды ніводзін тэатр не заўважыў, не звярнуў увагі на мае драматычныя творы».
  • – Напісаў усімі вядомыя хіты: «Шуміце, бярозы» (муз. І.Лучанка), «А я лягу-прылягу» і «Шлях да Беларусі» (у выкананні ВІА «Сябры»).
  • – Шмат часу Н.С.Гілевіч аддаваў арганізацыі збору нацыянальнага фальклору і сістэматызацыі запісаных студэнтамі фальклорных матэрыялаў. Ён аўтар кніг па літаратуразнаўствуі фалькларыстыцы «Акрыленыя рэвалюцыяй» (1962), «Наша родная песня» (1968), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976); складальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Лірыка беларускага вяселля» (1979).

У фондах нашага музея захоўваюцца кнігі з дароўнымі надпісамі аўтара, фотаздымкі Н.Гілевіча падчас выступленняў, сярод іншых вядомых пісьменнікаў.