Зорка Максіма Багдановіча запалілася 9 снежня 1891 года, і да гэтага часу яркая Зорка Максіма свеціць нам з Яснага Неба.
Прырода надзяліла Максіма Багдановіча шматгранным талентам. Выдатны паэт, публіцыст і празаік, таленавіты крытык і бліскучы перакладчык, глыбокі даследчык і тэарэтык літаратуры, грамадскі дзеяч – такім жыве ў нашай свядомасці незабыўны М.Багдановіч.
Чатыры гады і чатыры месяцы (1892-1896) пражыў будучы паэт у Гродне. “Жылі мы на ўскрайку горада, на Новым Свеце па Садовай…Умовы для выхавання дзяцей былі спрыяльныя, – успамінае Адам Ягоравіч, – на двары садзік, вакол сады, палі, непадалёку лес, ды і Нёман недалека. Дзеці ўвесь час на чыстым паветры, клімат мяккі. Увесь вольны час я аддаваў дзецям… Я часта браў іх на прагулку і ў поле, і ў лес, і на Нёман, цягаў Максіма як меншага за плячыма. Акрамя мяне маці дзяцей нікому не давярала, а дома пры іх знаходзілася неадлучна…”. Гродзенскія ўражанні, хоць і дзіцячыя, пакінулі глыбокі след у душы паэта. Далёка на чужыне, у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, любоў да Радзімы была самым трапяткім, самым гарачым пачуццём М.Багдановіча. Родны край здаваўся яму дзівоснай казкай, поўнай незвычайных таямніц.
У гісторыі беларускай літаратуры імя Максіма Багдановіча – адно з найпрыгажэйшых і, разам з тым, найбольш трагічнае. Калі разважаеш пра паэтаў, чыё зямное існаванне так рана абарвалася, здзіўляешся таму, як многа яны паспелі сказаць сучаснікам і нашчадкам. Зернейкі паэзіі М.Багдановіча пусцілі такія глыбокія карані, што да сённяшняга дня даюць багаты плён.