Адбылося адкрыццё выставы мастацкага тэкстылю “МРОІ-КРЫЛЫ”

Вярнуцца да падзей
5 красавік

2 красавіка ў Сенатарскай зале Новага замка адбылося адкрыццё рэспубліканскай выставы мастацкага тэкстылю “МРОІ-КРЫЛЫ”.

Удзел у выставе прымаюць 21 аўтар з розных гарадоў Беларусі. Увазе гледачоў прадстаўлена 27 твораў, выкананых у розных тэхніках: ткацтва, габелен, вышыўка.

Эксперыментальныя пошукі аўтараў выяўлены ў шырокім дыяпазоне: ад класічнага габелена Т.Белавусавай-Пятроўскай да твораў, выкананых з джынсу У. Лісавенкі, з сеткі і ніці – Т.Макляцовай, паралонавых труб пакрытых ільном, воўнай і ніткамі – Н.Каньковай.

Экспазіцыйнай дамінантай па кампазіцыйнаму і вобразнаму вырашэнню з’яўляецца твор А.Обадавай, у выглядзе клінападобнага вялікага птаха, пабудаванага на рытме вытканых палос.

Лаканічнасцю колеравага вырашэння прыцягвае ўвагу твор В.Рэднікінай. Гульня рэльефу, фактуры і ліній разрэзу лямцу фарміруюць вобразы птушак, а таксама глыбіню і шматпланавасць пейзажу. В.Рэднікіна і А.Обадава з’яўляюцца не толькі мастакамі, але і аўтарамі і куратарамі праекта.

Прасторавае асяроддзе залы гарманічна дапоўнена скульптурнымі кампазіцыямі Х.Высоцкай, Н.Аждзер і Л.Дамнянковай.