29 студзеня 2026 г. у Сенатарскай зале Новага замка адбылося адкрыццё персанальнай выстаўкі мастака Васілія Васільевіча Зянько “Паэзія кропак”.
На выстаўцы прадстаўлены работы з чатырох інклюзіўных арт-праектаў мастака, прысвечаных паэтычным творам Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Разанава, а таксама беларускім архітэктурным помнікам, якія не захаваліся да нашага часу.
Жывапісна-тактыльныя творы выкананы ў аб’ёмна-контурнай аўтарскай тэхніцы, якая засноўваецца на пісьме акрылам па палатне з ужываннем разнастайных фактур, адмывак, тонкіх лесіровак і аб’ёмных контураў. На палотны нанесены тэксты, пераведзеныя на шрыфт Брайля. Яго версіі для розных моў адрозніваюцца. Унікальнасць інклюзіўных карцін Васілія Зянько ў тым, што паэтычныя радкі ў выглядзе фактурных выпуклых кропак уплецены ў жывапісныя вобразы на мове той краіны, дзе нарадзіўся твор.
Васілій Зянько нарадзіўся 8 лістапада 1977 г. у г. Стоўбцы Мінскай вобласці. У 1989–1996 гг. вучыўся ў Беларускім ліцэі мастацтваў. У 2006 г. скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальна-дакаратыўнага мастацтва (выкладчыкі Г.Х. Вашчанка, У.Л. Зінкевіч). З 2009 г. з’яўляецца сябрам Беларускага саюза мастакоў, з 2011 г. – сябрам Беларускага саюза дызайнераў. З 2019 па 2025 гг. – старшыня секцыі манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Беларускага саюза мастакоў. З 1995 г. Васілій Зянько прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках. З 2012 г. з’яўляецца аўтарам і куратарам калектыўных арт-праектаў у Беларусі і за мяжой. На сённяшні дзень рэалізаваў мноства персанальных праектаў у Беларусі і за мяжой.




