Адкрыццё выстаўкі “Шмат у нашым жыцці ёсць дарог…”

Вярнуцца да падзей
16 Верасень

У Музеі Максіма Багдановіча з 15 верасня 2017 года працуе выстаўка “Шмат у нашым жыцці ёсць дарог…”, прымеркаваная да 135-годдзя з дня нараджэння вялікіх песняроў беларускага народа, класікаў нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы (1882-1942) і Якуба Коласа (1882-1956) і 125-годдзя беларускай пісьменніцы, мемуарысткі Зоські Верас (1892-1991).

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены першыя зборнікі народных паэтаў – “Жалейка” Я.Купалы і “Песьні-жальбы” Я.Коласа. Цікавасць ўяўляюць першае выданне п’есы “Раскіданае гняздо” (Вільня, 1919) і трагікамедыі “Тутэйшыя” (Мюнхен, 1953) Янкі Купалы, кніга “Слова аб палку Ігаравым” (Мінск, 1952) з вершаваным і празаічным перакладамі Я.Купалы.

На выстаўцы экспануюцца паштоўкі з ілюстрацыямі да “Новай зямлі” (мастак В.Шаранговіч), паштоўка з дароўным надпісам Гродзенскаму музею і асабістым подпісам Я.Коласа (1947 г.), ліст Я.Коласа да М.Дуброўскага (1948 г.).

Асобны комплекс матэрыялаў прысвечаны беларускай пісьменніцы, мемуарыстцы З.Верас. На выстаўцы экспануюцца рукапіс успамінаў “Старое Гродна” (Вільня, 1982), “Беларуска-польска-расейска-лацінскі батанічны слоўнік” (выйшаў у 1924 г.), кніга вершаў і апавяданняў для дзяцей “Каласкі” (Мінск, 1985).

Выстаўка працуе з 15 верасня да пачатку снежня 2017 г. з 10.00 да 18.00 (акрамя панядзелка) па адрасу: вул.1 Мая, 10 (Музей Максіма Багдановіча). Шчыра запрашаем! Уваход для ўсіх катэгорый наведвальнікаў – 5 капеек!