Адкрыццё выставы “Арт- панарама-2019” у Новым замку

Вярнуцца да падзей
4 май

3 мая ў Сенатарскай зале Новага замка адбылося адкрыццё рэспубліканскай выставы “Арт-панарама-2019. Маладыя мастакі Беларусі”. Пяты год выстава прадстаўляе панараму відаў выяўленчага мастацтва, злучае самыя яркія і творчыя працы, выкананыя ў розных жанрах, стылістыцы, тэхніках. Побач з традыцыйным палатном і паперай экспануецца жывапіс па ляўкасу К. Мельнік, жывапіс па-за шклом А. Люцько, а таксама работы Э. Зенько, якія выкананы з ужываннем машыннага алею.

У сучасным мастацтве адбываецца трансфармацыя ад стварэння аб’екта мастацтва да стварэння мастацкай падзеі. Змяняюцца не толькі аб’екты мастацтва, але і сама выставачная прастора выходзіць за межы традыцыйнага экспанавання. Адметнае месца ў экспазіцыі займаюць інсталяцыі Я. Рамашова і А. Жыткевіч.

Нягледзячы на адсутнасць агульнай тэмы, колькасць розных удзельнікаў, – маладых творцаў аб’ядноўвае вобразнасць выяўленчай мовы, цікавасць да каларыту, пошукі прыгажосці, фігуратыўнасці, а таксама разважанне над актуальнымі пытаннямі. Каля кожнага твора вы ўбачыце словы мастака наконт сваёй працы ці накірунку. Гэта дае магчымасць не толькі асэнсаваць работу, апіраючыся на асабістыя ўражанні, але і даведацца пра думкі творцы.

Рэспубліканская выстава “АRT-панарама 2019” уключае творы 30 мастакоў з розных гарадоў Беларусі. Кожны ўдзельнік мае мастацкую адукацыю, многія з’яўляюцца членамі моладзевай секцыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў”, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Кошт уваходных квіткоў:

  • школьнікі – 1 руб.
  • студэнты, пенсіянеры – 1 руб. 50 кап.
  • дарослыя – 2 руб.

Даведкі па тэл.: 8 (0152) 71-86-83.