16 лютага ў Новым замку адбылося адкрыццё выставы, прысвечанай 100-годдзю са дня нараджэння Івана Васільевіча Пушкова. Іван Васільевіч – знакавая асоба ў развіцці мастацкага жыцця Гродзеншчыны. Ён вядомы як мастак-пейзажыст рэалістычнага напрамку, пакінуў вялікую творчую спадчыну: больш за 200 прац. Творчае жыццё І.В. Пушкоў паспяхова спалучаў з актыўнай грамадскай дзейнасцю: стаяў ля вытокаў заснавання Гродзенскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі, якую узначальваў на працягу 30 гадоў, з’яўляўся членам кіраўніцтва Саюза мастакоў БССР, дэпутатам гарадской Рады народных дэпутатаў, быў удастоены звання заслужанага работніка культуры.
На выставе былі прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы І.В. Пушкова, якія захоўваюцца ў фондах нашага музея.
Ушанаваць памяць мастака на выставу прыйшлі яго родныя, гродзенскія мастакі, частка з якіх ведала яго асабіста, а таксама навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў.